BE RU EN

Раўкоў распавёў, колькі расейскіх салдатаў прыбудзе на вучэнні «Захад–2017»

  • 17.07.2017, 20:16

Міністр абароны Беларусі адзначыў, што вучэнні будуць разгорнутыя на шасці палігонах.

Вучэнні «Захад–2017» у верасні сёлета пройдуць у Беларусі на шасці палігонах, у іх будуць удзельнічаць да 12 700 вайскоўцаў і 680 адзінак баявой тэхнікі. Пра гэта заявіў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.

«Што ж тычыцца вучэнняў “Захад–2017”, то яшчэ раз падкрэслю – яны планавыя і не накіраваныя супраць трэціх краінаў, маюць абарончую накіраванасць і служаць умацаванню міру і бяспекі, што цалкам адпавядае нацыянальным інтарэсам і Беларусі, і Расеі», – падкрэсліў Раўкоў у інтэрв'ю ТАСС.

Паводле ягоных словаў, удзельнічаць у вучэннях будуць блізу 12 700 вайскоўцаў.

«На тэрыторыі нашай краіны – блізу 10 200 вайскоўцаў, у тым ліку блізу 7200 ад Узброеных сілаў Беларусі і блізу 3000 – ад Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі. Усяго ў вучэннях будзе задзейнічана да 680 адзінак баявой тэхнікі».

Раўкоў адзначыў, што вучэнні будуць разгорнутыя на шасці палігонах: Лепельскі, Барысаўскі, Лосвіда, Асіповіцкі, палігонах ВПС і войскаў СПА Ружанскі і Даманаўскі, а таксама на адной частцы мясцовасці на тэрыторыі паблізу населенага пункта Дрэтунь.

«Што тычыцца маштабу вучэнняў, то гэта самае буйное мерапрыемства супольнай аператыўнай падрыхтоўкі узброеных сілаў дзвюх краінаў», – заявіў ён.

Супольныя расейска-беларускія вучэнні «Захад–2017» павінны прайсці з 14 да 20 верасня на тэрыторыі Беларусі.

Нагадаем, раней генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг не выключыў, што расейцы могуць задзейнічаць у вучэннях больш вайскоўцаў, чым было заяўлена афіцыйна.

Апошнія навіны