BE RU EN

Уласніку таксі «Алмаз 7788» выстаўленае абвінавачванне

  • 17.07.2017, 14:51

Віктар Пузікаў застаецца ў следчым ізалятары.

Начальнік управы Следчага камітэта Менску Дзмітрый Канаплянік заявіў, што дырэктару службы таксі «Алмаз 7788» Віктару Пузікаву выстаўленае абвінавачванне паводле ч 2 арт 243 КК Беларусі (ухіленне ад выплаты падаткаў), паведамляе «Белсат».

«Выстаўленае абвінавачванне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў шляхам утойвання, наўмыснага заніжэння падатковай базы і ўнясення загадзя фальшывых звестак у падатковыя дэкларацыі, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва вялікай суме. Кажучы простай мовай, гэта ўхіленне ад выплаты падаткаў шляхам не адлюстравання ў бухгалтарскім уліку даходу, які паступаў ад кіроўцаў гатоўкай. Пра гэта ў СМІ распавядалі і самі кіроўцы. Папярэдняя шкода бюджэту на гэты момант складае амаль 1,5 млн беларускіх рублёў. У дачыненні да Пузікава выкарыстаная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту», - заявіў Канаплянік.

Прадстаўніца СК Юлія Ганчарова адзначыла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», што пра змяненне меры стрымання для Пузікава цяпер гаворка не ідзе.

«Без выплаты шкоды складана пра гэта казаць», - адзначыла яна.

Нагадаем, Віктара Пузікава затрымалі 14 чэрвеня ў Менску. Папярэдняе следства праводзіў Камітэт дзяржаўнага кантролю.

У 2015 годзе Віктар Пузікаў заняў 25-е месца ў рэйтынгу самых паспяховых маладых беларускіх бізнэсоўцаў паводле версіі партала probusiness.by.

Апошнія навіны