У Менск прыязджае дэлегацыя Еўрапарламента
- 17.07.2017, 14:04
У складзе дэлегацыі будзе пяць дэпутатаў з Польшчы, Літвы, Латвіі і Нямеччыны.
З службовым візітам Менск наведае дэлегацыя Еўрапейскага парламента ў сувязях з Беларуссю.
Пра гэта «Свабодзе» паведаміла прэс-служба прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі.
У складзе дэлегацыі будзе пяць дэпутатаў з Польшчы, Літвы, Латвіі і Нямеччыны, якія ўваходзяць у асноўныя палітычныя групы ў Еўрапарламенце. Кіраўнік - польскі дэпутат Богдан Здраеўскі, ён адказвае ў Еўрапарламенце за сувязі з Беларуссю.
18-19 ліпеня ў еўрадэпутатаў запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі беларускага ўрада і «дэпутатамі» «палаты прадстаўнікоў».
Мяркуецца, што будуць абмеркаваны ключавыя пытанні двухстаронніх стасункаў Еўразвязу ды Беларусі і ліквідацыя перашкод на шляху да больш шчыльнага супрацоўніцтва.
Як паведамілі ў прадстаўніцтве Еўразвязу ў Беларусі, дэлегацыя таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, каб даведацца аб праблемах у іх дзейнасці.