BE RU EN

У Менску адкрыўся З'езд беларусаў свету

  • 15.07.2017, 12:17

Цяперашні кангрэс – ужо сёмы.

У Менску 15 ліпеня пачаў працу VII з'езд беларусаў свету. На яго вылучылі 160 дэлегатаў з замежжа і 145 з Беларусі. На адкрыццё прыехаў міністр замежных справаў Уладзімір Макей, паведамляе Радыё Свабода.

"Ад 3 да 4 мільёнаў беларусаў за мяжой – гэта велізарная сіла, – сказаў Макей на адкрыцці з'езду. – Я згодны са Святланай Алексіевіч, якая аднойчы мне сказала, што, напэўна, досыць у Беларусі войнаў, досыць рэвалюцыяў. Мы павінны зрабіць усё, каб наша краіна развівалася эвалюцыйным шляхам".

Кіраўнік рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская агучыла тэму цяперашняга кангрэса: "Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці і стратэгіі развіцця".

Радзім Гарэцкі, былы прэзідэнт ЗБС "Бацькаўшчына" заклікаў беларусаў аб'ядноўвацца дзеля далейшай пабудовы незалежнай дзяржавы. Ён адзначыў, што сёлета час найважнейшых юбілеяў: 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, 100-годдзе Усебеларускага народнага з'езда, які стаў падмуркам абвяшчэння БНР, 80-годдзе піку сталінскіх рэпрэсіяў.

Цяперашні кангрэс – ужо сёмы. Першы прайшоў у 1993 годзе, ён сабраў больш за 1300 дэлегатаў з замежжа.

Апошнія навіны