У рымскім метро беларуску заціснула паміж дзвярыма вагона і працягнула па пероне
- 14.07.2017, 12:28
43-гадовая беларуска паспрабавала заскочыць у адзін з апошніх вагонаў перад самым ад'ездам.
Інцыдэнт адбыўся 11 ліпеня на станцыі Тэрміні, піша выданне La Repubblica.
Цягнік ужо рыхтаваўся да ад'езду. У гэты момант 43-гадовая беларуска паспрабавала заскочыць у адзін з апошніх вагонаў. З сабой у яе былі сумкі і пакеты. У той момант, калі рука жанчыны апынулася ўнутры вагона, цягнік крануўся і пацягнуў яе за сабой.
Спалоханыя пасажыры сталі крычаць машыністу, але той не пачуў. Людзі жалі кнопкі экстранага прыпынку, але цягнік прадаўжаў рух. У нейкі момант дзверы трохі прыадчыніліся, і жанчына змагла выцягнуць руку.
Па пероне яе працягнула каля дзесяці метраў.
Цягнік жа паехаў далей. Толькі на наступнай станцыі машыніст звярнуў увагу на агні сігналізацыі і выйшаў з кабіны, каб паглядзець, што здарылася.
– Калі чалавек захрасае ў дзвярах, – растлумачыў выданню машыніст, – сістэмы блакуюцца, але калі гэтага не адбылося, значыць, у дзвярах нікога не было. Акрамя таго, сігналізацыя – гэта не тормаз, таму я спыніўся на наступнай станцыі, каб паглядзець, што здарылася.
Са шматлікімі пераломамі жанчына знаходзіцца ў лякарні Сан-Джавані. Пагрозы яе жыццю няма.
Паліцыя праглядае ўсе запісы відэаназірання, каб зразумець, што дакладна адбылося.