BE RU EN

Момант, калі «лісты шчасця» могуць вярнуцца

  • 14.07.2017, 11:59

Увесну беларускае грамадства атрымала перамогу, якой справядліва можа ганарыцца.

Дэкрэт аб «дармаедах», нягледзячы на ўсе заявы беларускіх уладаў, быў прыпынены. І няхай цяпер чыноўнікі робяць выгляд, што яны дапрацоўваюць скандальны дэкрэт – гэта больш падобна на спробу захаваць твар, піша «Салідарнасць».

Дэкрэт, спушчаны з самага верху найвышэйшым указаннем, дэ-факта быў скасаваны простымі людзьмі. І гэта важны факт, пра які трэба памятаць.

Але што ж адбылося, калі пратэсты спыніліся? Улада прадказальна ўзялася за тых, хто, на ейную думку, больш за ўсё «каламуціў ваду» падчас вясновых пратэстаў.

Першымі пад раздачу трапілі абаронцы «дармаедаў» – блогеры, праваабаронцы і незалежныя СМІ. Мала хто ведае, што супраць вядомага гомельскага блогера Максіма Філіповіча распачалі адразу чатыры справы – проста за тое, што той здымаў мітынгі «дармаедаў» на відэа. Малады гамяльчук адседзеў у ізалятары ўжо некалькі адміністрацыйных тэрмінаў, але міліцыя да гэтага часу не пакідае яго ў спакоі.

Праваабаронцу Алега Воўчака судзяць за тое, што ён удзельнічаў у Маршы абураных беларусаў у Менску. Суд аштрафаваў юрыста на буйную суму за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, аднак той адмовіўся выплачваць штраф. З апошняга суда, які адбыўся 4 ліпеня, праваабаронцу забрала «хуткая», паколькі ў яго здарыўся гіпертанічны крыз.

Гомельскі незалежны рэсурс «Моцныя навіны», які актыўна асвятляў вясновыя пратэсты, можа атрымаць трэцяе і апошняе папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі.

Такім чынам, пад прыцэльным агнём апынуліся людзі, якія актыўна абаранялі «дармаедаў». І нешта падказвае, што надышоў той момант, калі беларускае грамадства павінна навучыцца абараняць не толькі сябе, але і сваіх абаронцаў.

Інакш «лісты шчасця» могуць хутка вярнуцца: прыбраўшы самых актыўных, улада прыдумае новыя дэкрэты – і ўжо заўтра мы знойдзем новы канверт з чарговымі абсурднымі патрабаваннямі ў сябе дома.

Апошнія навіны