BE RU EN

У Расеі ўвядуць працэдуру «публічнага адрачэння ад грамадзянства Украіны»

  • 10.07.2017, 12:54

Як менавіта будзе адбывацца «публічнае адрачэнне», Дзярждума пакуль не пастанавіла.

У расейскім законе «Аб грамадзянстве» прапішуць норму «публічнага адрачэння ад грамадзянства Украіны». Такая пастанова, паводле словаў крыніцаў «Коммерсанта» ў Дзярждуме, была прынятая перад другім чытаннем законапраекта пра «пазбаўленне грамадзянства тэрарыстаў», паведамляе meduza.io.

Паводле словаў кіраўніка камітэта Думы ў заканадаўстве Паўла Крашаніннікава, Украіна «проста перастала выдаваць» даведкі пра выхад з грамадзянства. Без такой даведкі атрымаць расейскі пашпарт нельга.

«Коммерсант» піша, што выключыць даведку пра выхад з грамадзянства з пераліку неабходных дакументаў прапаноўваў на сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі.

Як менавіта будзе адбывацца «публічнае адрачэнне», не ўдакладняецца.

Акрамя гэтага ў законапраект дададуць удакладненне наконт прысягі пры атрыманні іншаземцамі расейскага пашпарта. Дакумент будзе дэталёва апісваць, у які момант будзе ўручацца пашпарт – да або пасля прысягі.

Законапраект пра пазбаўленне тэрарыстаў расейскага грамадзянства быў прыняты ў першым чытанні 19 траўня. Ён быў унесены ў Дзярждуму неўзабаве пасля красавіцкага тэракту ў Санкт-Пецярбургу, дзе падарваўся выхадзец з Кіргізіі Акбаржон Джалілаў, які атрымаў расейскае грамадзянства.

Яшчэ да разгляду гэтага законапраекта самога Джалілава пасмяротна пазбавілі грамадзянства, спаслаўшыся на тое, што ён пры атрыманні пашпарта падаў ілжывую інфармацыю.

Апошнія навіны