BE RU EN

Беларусы стварылі віртуальны трэнажор для кіравання трактарам

  • 7.06.2017, 15:41

Онлайн-сэрвіс для дакладнага земляробства OneSoil стварыў VR-сімуляцыю для навучання карыстанню трактарам МТЗ.

Пра гэта dev.by распавёў суаўтар праекта Вячаслаў Мазай.

Распрацоўка VR-мадэлі была ініцыятывай стартапа і вялася супольна з тэхнічным аддзелам Менскага трактарнага завода. Работнікі канструктарскага бюро МТЗ далі OneSoil неабходныя чарцяжы, правялі экскурсію па вытворчасці і курыравалі працэс стварэння VR-сімуляцыі. Стварэнне праграмы заняло 3 месяцы, цягам якіх праграміст Антон Цумараў і 3D-мастак Мікіта Алейнік займаліся праектам у вольны ад асноўнай працы час.

Асноўная задача сімуляцыі - паказаць магчымасці VR у працы з сельскагаспадарчай тэхнікай. Прадэманстраваная на «Белагра» праграма дазваляе кіраваць трактарам, рабіць агляд кабіны і вонкавы выгляд машыны. У якасці мадэлі выкарыстоўвалі самы новы і магутны трактар МТЗ 3522.

Пакуль VR-сімуляцыя працуе толькі з гарнітурай HTC Vive, але ўжо ў найбліжэйшай будучыні OneSoil плануе пашырыць пералік падтрымоўваных прылад на Hololens ад Microsoft і Gear VR ад Samsung.

Апошнія навіны