BE RU EN

NASA пачынае паляванне на астэроід, які каштуе больш, чым уся сусветная эканоміка

  • 3.06.2017, 13:11

Запасаў металаў на адным астэроідзе магло б хапіць на пакрыццё ўсіх патрэбаў чалавецтва.

Нацыянальнае касмічнае агенцтва ЗША зацвердзіла тэрміны місіі для астэроіда 16 Psyche, які змяшчае каштоўных металаў на $10 тыс квадрыльёнаў. У 2022 годзе да лётнага Кландайка выправіцца даследчы зонд, піша nv.ua.

Зонд толькі разведае абстаноўку. Пра здабычу каштоўных металаў з астэроіда гаворка пакуль не ідзе.

Навукоўцы хочуць дэталёва вывучыць астэроід і разгледзець варыянты здабычы на ім карысных выкапняў.

Пакуль дакладна вядома толькі адно. 16 Psyche – адзін з самых буйных аб'ектаў Пояса астэроідаў, размешчанага паміж Марсам і Юпітэрам. Ён амаль цалкам складаецца з розных відаў жалеза, а таксама з нікелю.

Калі б нехта змог адным махам даставіць усе гэтыя металы на Зямлю, то іхні агульны кошт пры цяперашніх цэнах склаў бы неймаверную лічбу $10 тыс квадрыльёнаў. Гэта ў разы больш, чым каштуе сучасная сусветная эканоміка – ейны агульны кошт ацэньваецца як $78 трыльёнаў.

Лётны Кландайк

КРЫНІЦА: NASA

Зразумела, гэтыя разлікі абстрактныя. Пачатак здабычы каштоўных металаў у космасе адразу ж прывядзе да абвальвання коштаў на іх на Зямлі.

У любым выпадку, 16 Psyche, які мае ў дыяметры 253 км, уяўляе сабой сапраўдны лётны Кландайк (легендарны рэгіён на канадскай рацэ Юкан, дзе ў 1897 годзе адкрылі радовішча золата, і пачалася знакамітая залатая ліхаманка, апетая Джэкам Лонданам).

Астэроід быў адкрыты ў 1852 г. італьянскім астраномам Анібалам дзі Гаспарысам і атрымаў назву ў гонар Псіхеі – старажытнагрэцкага ўвасаблення душы.

Згодна з існымі ацэнкамі, паверхня 16 Psyche як мінімум на 90% складаецца з металаў. Таму ў астэроіда самае высокае значэнне альбеда ва ўсім Поясе астэроідаў (альбеда – характарыстыка адлюстравальнай здольнасці аб'екта).

Паходжанне металічнага астэроіда пакуль застаецца загадкай. Сярод самых папулярных гіпотэзаў – здагадка, што сутыкненне буйных аб'ектаў, адным з аскепкаў якіх з'яўляецца 16 Psyche, здарылася на самых ранніх этапах фармавання Сонечнай сістэмы. Магчыма, астэроід – фрагмент металічнага ядра протапланеты, якая існавала калісьці паміж Марсам і Юпітэрам.

Місія да Псіхеі

Да гэтага часу ні адзін касмічны апарат не набліжаўся да 16 Psyche. Упершыню пра магчымасць дэталёвага вывучэння металічнага астэроіда загаварылі некалькі гадоў таму – пасля таго, як у навуковым свеце ўсур'ёз пачалі абмяркоўваць магчымасць здабычы карысных выкапняў у космасе.

У 2014 годзе група навукоўцаў з універсітэта Арызоны апублікавала праект рабатызаванай місіі да 16 Psyche. Прапанаваны навукоўцамі праект прадугледжваў адпраўку да 16 Psyche зонда, які цягам паўгода даследаваў бы хімічны склад астэроіда і даў бы адказы на шэраг важных пытанняў. Напрыклад, пра паходжанне 16 Psyche, пра тое, якія элементы суседнічаюць у ім з жалезам і нікелем, чым адрозніваюцца метэарытныя кратары на металічнай паверхні ад кратараў у каменных пародах і г. д.

У 2015 годзе праект выйшаў у паўфінал конкурсу Discovery Program, які праводзіцца NASA. А ў студзені 2017 года праект атрымаў ухваленне кіраўніцтвам касмічнага агенцтва.

Першапачаткова меркавалася, што карабель стартуе ў кастрычніку 2023 года, ажыццявіць гравітацыйны манеўр каля Зямлі ў 2024 годзе, потым праляціць міма Марса ў 2025 годзе і прыбудзе да 16 Psyche у 2030 годзе.

Новыя разлікі

Аднак у канцы траўня сёлета NASA перагледзела праект. Навукоўцы здолелі вылічыць больш удалую арбіту для палёту да Псіхею.

Цяпер старт запланаваны на 2022 год, а да лётнага Кландайка зонд прыбудзе ў 2026 годзе – на чатыры гады раней, чым планавалася. Праўда, такая пастанова прадугледжвае вялікую магутнасць рухавікоў зонда і запатрабавала ўнясення змяненняў у ягоную канструкцыю. Цяпер ён будзе абсталяваны не чатырма, а пяццю блокамі сонечных панэляў. Нягледзячы на гэта, дзякуючы змене траекторыі агульныя затраты на місію скараціліся.

Ну і самае галоўнае, навукоўцы змогуць пачаць вывучэнне самага дзіўнага астэроіда ў Сонечнай сістэме на цэлыя чатыры гады раней.

Абвал эканомікі?

Місія да Псіхеі можа стаць паваротнай кропкай у вывучэнні астэроідаў і ў канчатковым выніку, пачаткам новай эры ў эканоміцы Зямлі.

У NASA пакуль адмаўляюцца ад абмеркавання эканамічнага аспекту патэнцыйнай здабычы металаў і іншых каштоўных выкапняў у космасе. Даследнікі кажуць, што іхняй задачай з'яўляецца толькі вывучэнне пытання.

Тым не менш Ліндзі Элкінс-Тантан, кіраўнік праекта 16 Psyche, мяркуе, што ў здабычы ў космасе ёсць толькі два варыянты развіцця. Першы прадугледжвае нейкі цэнтралізаваны кантроль за рынкам металаў падобна да таго, як гэта цяпер робіцца з дыяментамі. Другі прадугледжвае папросту разавае развязанне ўсіх праблемаў чалавецтва, звязаных са здабычай каляровых і каштоўных металаў.

КРЫНІЦА: NASA

Дастаткова прывезці з космасу істотную дзель штогадовага аб'ёму здабычы нейкага металу, каб кошт на яго абрынуўся. Якімі могуць быць у цэлым наступствы для сусветнай эканомікі, пакуль не ясна.

Безумоўна, гэтае пытанне далёкай перспектывы. Якое не развяжацца даследаваннем і нават пачаткам здабычы на адным толькі астэроідзе 16 Psyche.

Аднак у NASA ёсць больш маштабныя праекты. Летась агенцтва апублікавала справаздачу, паводле якой здабыча і дастаўка на Зямлю рэсурсаў з астэроідаў не запатрабуе ніякай прамысловай рэвалюцыі і даступная нават з наяўнымі сёння тэхналогіямі.

Паводле аптымістычных ацэнак NASA, пачатак касмічнай «залатой ліхаманкі» можна чакаць ужо ў найбліжэйшыя 20–30 гадоў.

Гэты аптымізм падзяляюць і іншыя энтузіясты. Так, урад Люксембурга заснаваў фонд для развіцця індустрыі касмічнай здабычы.

У ЗША развіваецца стартап Planetary Resources, які актыўна падтрымліваюць вядомыя мецэнаты, уключаючы рэжысёра Джэймса Кэмерана.

Апошнія навіны