BE RU EN

ААН: Асноўным матывам нападу віруса Petya былі не грошы

  • 29.06.2017, 14:04

Следчыя дагэтуль не могуць устанавіць ініцыятараў апошняй глабальнай кібератакі.

Cтратэгія нападнікаў паказвае, што не грошы былі асноўным матывам іх дзеянняў.

Пра гэта заявіў кіраўнік Глабальнай праграмы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у кіберзлачыннасці Ніл Уолш, паведамляе «Радыё Свабода».

Праграмнае забеспячэнне, якое выкарыстоўвалася падчас нападу на гэтым тыдні, было значна больш складаным, чым тое, якое ўжывалася ў папярэдніх нападах з ужываннем віруса WannaCry, адзначыў спецыяліст.

Але ініцыятары новага нападу не дасведчаныя ў пытанні збору выкупу ад ахвяр у абмен на разблакаванне іх кампутараў, сцвярджае Уолш. Гэта, з ягоных слоў, дазволіла 28 чэрвеня заблакаваць уліковы запіс і зрабіць немагчымым атрыманне грошай.

«Гэта можа быць кожны: ад нейкага хлопца, які сядзіць у склепе, да нацыянальнай дзяржавы», - сказаў кіраўнік Глабальнай праграмы ААН у кіберзлачыннасці.

27 чэрвеня маштабная хакерская атака пачалася ва Украіне, яна заразіла кампутары ўрада, банкаў, прадпрыемстваў. Аб кібератацы паведамілі і ў іншых краінах.

Значная шкода была нанесеная ў Італіі, краінах Цэнтральнай Еўропы і Ізраілі. У Нямеччыне «заражаная сістэма цэнтральнага офіса кампаніі Nivea Beiersdorf у Гамбургу», паведамляе тэлеканал ARD. У Расеі атаку зазнала дзяржаўная карпарацыя «Раснафта».

Напады зазналі і некаторыя беларускія арганізацыі.

28 чэрвеня кампутарны вірус-вымагальнік Petya распаўсюдзіўся на краіны Азіі. У Індыі праз кібератаку выйшла са строю сістэма кіравання грузамі найбуйнейшага порта краіны. Збоі зафіксавалі і ў Кітаі, аднак іх маштабы не былі такімі значнымі.

Вірус Petya шыфруе звесткі на кампутары і патрабуе выкуп. Спецыялісты ў кампутарнай бяспецы раяць нічога не плаціць - ніякіх ключоў пасля выплаты грошай уладальнікі зараджаных кампутараў не атрымліваюць.

Такім чынам дзейнічаў вірус-вымагальнік WannaCry, ад якога ў траўні 2017 года пацярпелі больш за 300 тысяч кампутараў у 150 краінах.

Апошнія навіны