BE RU EN

Барацьба жыхароў Крычава за адстаўку «мэра» набірае абароты

  • 28.06.2017, 16:40

Некалькі сотняў жыхароў горада падпісаліся пад патрабаваннем адстаўкі старшыні райвыканкама Васіля Сысоева.

Рэдактар крычаўскай газеты «Вольны горад» Сяргей Няроўны 27 чэрвеня накіраваў пісьмовы калектыўны зварот грамадзян з патрабаваннем адстаўкі старшыні Крычаўскага раённага выканаўчага камітэта Васіля Сысоева на імя старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага. Копія звароту накіраваная ў прэзідыум Крычаўскага райсавета, піша «Магілёўскі рэгіён».

Пад зваротам паставілі свае подпісы 418 жыхароў горада Крычава і Крычаўскага раёна. Людзі дамагаюцца ад «дэпутатаў» райсавета і старшыні Магілёўскага аблвыканкама прыняцця пастановы аб адстаўцы старшыні Крычаўскага райвыканкама В.Сысоева. Таксама яны просяць аб прынятай пастанове шырока праінфармаваць грамадскасць раёна праз дзяржаўныя СМІ, у тым ліку газеты «Могилёвские ведомости» і «Кричевская жизнь».

Акрамя гэтага, Сяргей Няроўны папрасіў «дэпутатаў» Крычаўскага райсавета запрасіць яго на слуханні, калі на сесіі будзе разглядацца зварот грамадзян аб неабходнасці адстаўкі з пасады старшыні Крычаўскага райвыканкама Васіля Сысоева.

«Пасля таго, як пры канцы кастрычніка 2011 года старшынём Крычаўскага райвыканкама зацвердзілі Васіля Сысоева, і без таго бядотны стан эканомікі і сацыяльнай сферы нашага раёна стаў пагаршацца паскоранымі тэмпамі», - гаворыцца ў звароце.

Падпісанты пад зваротам вінавацяць старшыню райвыканкама ў развале прадпрыемстваў, на якіх трымалася эканоміка раёна: старога цэментнага завода, райпо, «Крычаўгрузаўта» і многіх іншых. На думку падпісантаў, амаль усе сельгаспрадпрыемствы ў раёне - пад пагрозай банкруцтва. Скарачаецца колькасць камерцыйных арганізацый і прадпрымальнікаў.

«Крычаўскі раён стаў некамфортным для пражывання», - сцвярджаюць падпісанты пад зваротам.

Аб складаным становішчы спраў і цяжкай эканамічнай сітуацыі ў Крычаўскім раёне СМІ пісалі неаднаразова. Раён увесь час скалынаюць разнастайныя скандалы, пагаршаюцца паказчыкі яго сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Шмат хто з жыхароў Крычаўскага раёна сцвярджае, што: «Усё гэта вынік неэфектыўнай арганізацыі працы мясцовага райвыканкама на чале са старшынём Васілём Сысоевым. Уважаем за неабходнасць развязаць пытанне аб мэтазгоднасці далейшага знаходжання яго на пасадзе кіраўніка выканаўчай улады раёна ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам РБ».

Апошнія навіны