BE RU EN

Павел Дураў пагадзіўся перадаць расейскім уладам звесткі Telegram

  • 28.06.2017, 16:31

Пры гэтым, заснавальнік мэсэнджара адмовіўся выконваць патрабаванні «антытэрарыстычнага пакета» Яравой.

Заснавальнік мэсэнджара Telegram Павел Дураў падаў Раскамнагляду рэгістрацыйныя звесткі, неабходныя для ўключэння ў рэестр распаўсюджвальнікаў інфармацыі ў Расеі. Са слоў Дурава, гэтыя звесткі даступныя і раней знаходзіліся ў публічным доступе, паведамляе «Радыё Свабода».

Пры гэтым Дураў адмовіўся выконваць патрабаванні пакета так званых «антытэрарыстычных законаў Ірыны Яравой». Такім чынам Telegram адмаўляецца пераносіць звесткі карыстальнікаў у Расею і дазваляць спецслужбам доступ да перапіскі. Са слоў Дурава гэтыя законы не сумяшчальныя з абаронай прыватнага жыцця і парушаюць расейскую канстытуцыю.

Дураў адзначыў, што ў заяве кіраўніка Раскамнагляду Аляксандра Жарава не было iншых патрабаванняў, акрамя выдачы звестак для рэгістрацыі.

Заснавальнік Telegram адзначыў, што мэсэнджар гатовы супрацоўнічаць з расейскімі ўладамі на тым жа ўзроўні, як гэта адбываецца ў іншых краінах. Гаворка ідзе пра выдаленне публічных матэрыялаў, звязаных з прапагандай тэрарызму, наркотыкаў, заклікамі да гвалту і дзіцячай парнаграфіяй.

На мінулым тыдні Раскамнагляд прыстрашыў мэсэнджар Telegram хуткім блакаваннем. Кіраўнік установы Аляксандр Жараў апублікаваў адкрыты ліст да заснавальніка сэрвісу - Паўла Дурава. Ад Telegram запатрабавалі зарэгістравацца ў Расеі. Рэгістрацыя абавязвае адміністрацыю Telegram захоўваць перапіску карыстальнікаў і даваць уладам ключы для расшыфроўкі паведамленняў. Кіраўнік Telegram Павел Дураў, які таксама заснаваў сацыяльную сетку «Вконтакте», раней неаднаразова заяўляў, што на такі мэсэнджар ніколі не пагодзіцца.

Апошнія навіны