BE RU EN

Шатландыя адклала падрыхтоўку рэферэндуму аб незалежнасці

  • 28.06.2017, 11:20

Пытанне будуць вырашаць пасля таго, як стане ясна, на якіх умовах Вялікабрытанія выходзіць з ЕЗ.

Кіраўніца ўрада Шатландыі Нікола Стэрджэн часова адмовілася ад падрыхтоўкі другога рэферэндуму аб незалежнасці краіны ад Вялікабрытаніі, паведамляе «Нямецкая хваля».

Выступаючы ў аўторак, 27 чэрвеня, перад дэпутатамі шатландскага парламента ў Эдынбургу, яна заявіла, што пытанне аб правядзенні рэферэндуму варта развязваць пасля таго, як стане ясна, на якіх умовах Вялікабрытанія выходзіць з Еўрапейскага Звязу. Такім чынам, да гэтай тэмы ў Шатландыі могуць вярнуцца не раней за восень 2018 года.

Як адзначае агенцтва dpa, пастанова Стэрджэн, магчыма, звязаная са знішчальнай паразай яе партыі SNP на нядаўніх парламенцкіх выбарах у Вялікабрытаніі. Шатландскія нацыяналісты пазбавіліся 21 з 56 мандатаў у парламенце краіны.

Падчас першага рэферэндуму, праведзенага ў 2014 годзе, 55 працэнтаў выбарцаў не падтрымалі ідэю незалежнасці Шатландыі. У той жа час большасць шатландцаў выступіла супраць выхаду Вялікабрытаніі з ЕЗ. Пасля гэтага Стэрджэн абвясціла, што можа быць арганізаваны другі рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі, і правяла перамовы ў Брусэлі аб магчымасці даць яе краіне месца Вялікабрытаніі ў ЕЗ. Парламент у Эдынбургу падтрымаў ідэю рэфэрэндуму, неабходная згода з Лондана не атрыманая дагэтуль, нагадвае dpa.

Апошнія навіны