BE RU EN

Экс-амбасадар Украіны ў Беларусі пра забойства палкоўніка выведкі і справы Шарамета: «Почырк падобны»

  • 27.06.2017, 15:52

Расследаванне справы беларускага журналіста можа вывесці на выканаўцаў сённяшняга забойства палкоўніка.

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Валянцін Налівайчанка перакананы, што расследаванне справы беларускага журналіста Паўла Шарамета можа дапамагчы раскрыць сённяшняе забойства палкоўніка Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Украіны Максіма Шапавала, які загінуў сёння раніцай у Кіеве ў выніку выбуху ягонага аўтамабіля, паведамляе «Свабода».

«Пакуль не будзе раскрытае хоць бы адно рэзананснае злачынства, украінцы не будуць адчуваць сябе ў бяспецы. Вывесці на выканаўцаў гэтага злачынства можа расследаванне справы Паўла Шарамета. Почырк падобны», - сказаў Валянцін Налівайчанка сёння журналістам.

Украінскі журналіст Юрый Бутусаў перакананы, што сённяшняе забойства таксама, як забойства і Паўла Шарамета, мае расейскі след.

«Няма ніякіх сумненняў, што ён загінуў у выніку тэрарыстычнага нападу расейскіх спецслужбаў. Почырк забойцаў - такі ж як і пры падрыве журналіста Паўла Шарамета ў Кіеве, і пры падрыве намесніка кіраўніка ўправы контрвыведкі СБУ Данецкай вобласці Аляксандра Хараберуша ў Марыўпалі (гэта адбылося сёлета 31 сакавіка - заўв.)», - адзначыў Юрый Бутусаў.

Украінскія СМІ таксама звяртаюць увагу на тое, што Максім Шапавал кіраваў аховай застрэленага 23 сакавіка ў Кіеве былога дэпутата Дзяржаўнай Думы Расеі Дзяніса Вараненкава. «У гэтым выпадку, ёсць такая інфармацыя, але я мяркую, што рана яе апублікаваць. Адназначна, абаронай і аховай Вараненкава займалася Управа выведкі, і, адпаведна, як кіраўнік спецназа Міністэрства абароны, ён таксама быў датычны да гэтага працэсу. Без яго там не абыходзілася», - заявіў у эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны.

Нагадаем, кіраўнік спецназа Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Украіны Максім Шапавал загінуў сёння раніцай у выніку выбуху аўтамабіля.

Апошнія навіны