BE RU EN

У менскай кавярні зноў абвясцілі БНР

  • 24.06.2017, 18:26

Мерапрыемства, прысвечанае значнай даце ў беларускай гісторыі, зладзіла кампанія «Лідскае піва».

Падпісанне Трэцяй статутнай граматы, у якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, інсцэніравалі ў кавярні «Грай», піша «Белсат».

Інсцэніроўку гістарычнай падзеі паказалі Іван Пінігін і Ігар Пятроў з Купалаўскага тэатра, а Сяргей Харэўскі правёў віртуальную экскурсію па месцах БНР.

«Мы павінны памятаць аб акце 25 сакавіка Беларуская Народнай Рэспублікі, бо гэта вытокі нашай дзяржаўнасці і нашай надзённасці. А ўсе тыя ўрокі, якія прынесла нам БНР, актуальныя і сёння», - кажа Харэўскі.

Налета будзе 100 гадоў з моманту публікацыі БНР. Ужо зробленая памятная шыльда з гэтай нагоды, распавядае кіраўнік «PRASTORA.BY» Алесь Квіткевіч.

«Цяпер шыльда, прысвечаная незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, зробленая Аляксандрам Шатэрнікам, падарожнічае з імпрэзы на імпрэзу, але ёсць ідэя, каб яна да гадавіны вынясення БНР заняла сваё пачэснае месца на гістарычным будынку на вуліцы Валадарскага, у якім была падпісаная Трэцяя статутная грамата».

Мерапрыемства, прысвечанае значнай даце ў беларускай гісторыі, зладзіла кампанія «Лідскае піва» пры падтрымцы кампаніі «Prastora.by». Спецыяльна да 100-годдзя БНР бровар прэзентаваў новы гатунак піва - «Менскае 1918».

Апошнія навіны