BE RU EN

Польшча хоча выключыць Белавежскую пушчу са спісу ЮНЕСКА

  • 24.06.2017, 13:58

Лясны масіў у 2014 годзе быў уключаны ў спіс ЮНЕСКА з парушэннем міжнароднага права.

Міністр навакольнага асяроддзя Польшчы Ян Шышко звярнуўся ў пракуратуру з заявай наконт выключэння Белавежскай пушчы з спісу сусветнай прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.

У чацвер, 22 чэрвеня, чыноўнік наведаў пушчу разам з амбасадарамі краінаў Еўразвяза. Паводле словаў Шышко, лясны масіў у 2014 годзе быў уключаны ў спіс ЮНЕСКА з парушэннем міжнароднага права. Цяпер, мяркуе міністр, там немагчыма весці якую-небудзь дзейнасць. «Увесь свет стаў патрабаваць абмежаваць выкарыстанне лясоў пушчы», – адзначыў ён.

На думку міністра навакольнага асяроддзя, гэта прывяло да масавай гібелі дрэваў праз розныя хваробы і насякомых, паведамляе РІА Новости.

«Немагчымасць меліярацыі выклікала з'яўленне павярхоўнай вады ў адных месцах, што, у сваю чаргу, выклікае дэструктыўныя з'явы, і недахоп вады ў іншых месцах, што таксама дрэнна ўплывае на фаўну пушчы», – мяркуе Шышко.

Развязанне праблемы ён бачыць у выключэнні Белавежскай пушчы з спісу прыроднай спадчыны і ўключэнні яе ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Міністр таксама дадаў, што ў дачыненні да пушчы існуе сур'ёзная юрыдычная супярэчнасць. «З аднаго боку, ёсць правілы ЕЗ, якія патрабуюць абароны лесу, а гэта патрабуе правядзення працаў. З іншага боку – правілы ЮНЕСКА, якія забараняюць любое ўмяшанне чалавека», – падсумаваў Ян Шышко.

Апошнія навіны