BE RU EN

Чаму Літва змагаецца з БелАЭС і «Паўночнай плынню-2»

  • 23.06.2017, 20:49

Літва прыкладае максімум намаганняў для таго, каб спыніць узвядзенне Астравецкай АЭС і выйсці з энэргакола БРЭЛЛ.

Літва, да гэтага часу разам з дзвюма іншымі балтыйскімі краінамі, а таксама Беларуссю і Расеяй, якая ўваходзіць ў адзінае энэргакола БРЭЛЛ (паводле першых літараў назваў дзяржаваў), імкнецца яго пакінуць, пры гэтым актыўна процідзейнічаючы будаўніцтву першай беларускай атамнай электрастанцыі і другой ніткі «Паўночнай плыні».

Апытаныя «Нямецкай хваляй» эксперты мяркуюць, што Вільнюсу пад сілу дамагчыся забароны экспарту ў Еўразвяз электраэнэргіі з Астравецкай АЭС. Выхад жа з БРЭЛЛ, паводле ацэнак аналітыкаў, скончыцца новым вітком пагаршэння стасункаў з Крамлём.

Вільнюс супраць Астраўца

Міністр энэргетыкі Літвы Жыгімонтас Вайчунас сцвярджае, што ўлады краіны імкнуцца да таго, каб не толькі затрымаць будаўніцтва АЭС у Астраўцы, але і спыніць экспарт электраэнэргіі, якую станцыя – у выпадку ўзвядзення – будзе выпрацоўваць. «Абмежаванне імпарту энэргіі на літоўскі рынак і рынкі іншых краінаў негатыўна паўплывае на эканамічны складнік беларускага праекту», – паведаміў Вайчунас.

На думку Ромаса Швядаса, эксперта Інстытута міжнародных стасункаў Віленскага ўніверсітэта, у мінулым намесніка міністра энэргетыкі, рэзкія пратэсты з боку Вільнюса з нагоды з'яўлення АЭС у Астраўцы абумоўленыя тым, што Беларусь будуе атамную станцыю за 50 км ад сталіцы Літвы, парушаючы чатыры пункты Канвенцыі Эспа (Канвенцыя пра ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце. – Заўвага.).

«Вільня будзе знаходзіцца ў зоне эвакуацыі пры сур'ёзнай аварыі ці здарэнні на станцыі. У найлепшым выпадку давядзецца эвакуяваць частку горада, у горшым – увесь», – распавёў Швядас. А міністр энэргетыкі Вайчунас нагадаў, што літоўскі Сейм заканадаўча замацаваў статус АЭС у Астраўцы як аб’екта, які ўяўляе пагрозу для нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і здароўя жыхароў Літвы.

Старэйшы навуковы супрацоўнік Атлантычнай рады ў Вашынгтоне Агнія Грыгас мяркуе, што Вільня цалкам можа заручыцца падтрымкай Еўрапейскага Звяза, каб аказаць дыпламатычны ціск на Менск, які спадзяецца на эканамічную падтрымку з ЕЗ.

Выйсці з БРЭЛЛ

Адключэнне Літвы і краінаў Балтыі ад адзінага энэргакола БРЭЛЛ канчаткова выведзе іх з зоны ўплыву Расеі і ўскладніць планы Менска ў экспарце энэргіі з АЭС у Астраўцы, паказваюць апытаныя эксперты.

«БРЭЛЛ – адзін з апошніх перажыткаў інтэграцыі з Савецкім Саюзам. Выхад з кола – палітычна адчувальная пастанова, асабліва ў святле трэнняў з Крамлём, які баіцца, што ў выніку Калінінградская вобласць ператворыцца ў энэргетычны востраў унутры ЕЗ», – канстатуе Агнія Грыгас з Атлантычнай рады. На яе думку, і Літве, і Латвіі, і Эстоніі за выхад з БРЭЛЛ давядзецца заплаціць не толькі фінансава, але дыпламатычна – адносіны з Масквой, хутчэй за ўсё, пагоршацца.

Паводле словаў міністра энэргетыкі Літвы, у нядаўна падрыхтаваным дакладзе, дзе разглядалася некалькі сцэнарыяў адключэння ад энэргакола БРЭЛЛ, агульныя выдаткі трох балтыйскіх краінаў, звязаныя з гэтым працэсам і сінхранізацыяй з еўрапейскай энэргасістэмай, ацэньваюцца на 1 мільярд еўраў. «Мы спадзяемся, што вялікую іх частку зможа прафінансаваць Еўрапейскі Звяз», – дадаў Вайчунас.

«Паўночная плынь-2» – пастка для Еўропы

Не менш негатыўна, чым будаўніцтва АЭС у Астраўцы, Вільнюс успрымае праект «Паўночная плынь-2». «Другая галіна гэтага газаправода – гэта, перш за ўсё, велізарныя магутнасці транзіту газу, блізу 110 млрд кубаметраў за год. Паралельна яму развіваецца праект «Турэцкая плынь» на поўдні, у рэгіёне Чорнага мора. Крэмль атрымлівае магчымасць экспарту газу ў Еўропу ў абыход краінаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы», – кажа Ромас Швядас.

Ён мяркуе, што фактычна гэта азначае, што Расея зможа адмовіцца ад паставак газу праз газаправод «Ямал – Еўропа» і такім чынам атрымае рычагі ціску на Заходнюю Еўропу. Паводле выразу Агніі Грыгас з Атлантычнай рады, «Паўночная плынь-2» стане ўдарам па намаганнях Еўропы ў дыверсіфікацыі крыніцаў энэргіі і перамогай Расеі, паколькі апошняя імкнецца ўтрымацца на еўрапейскім рынку, дзе ёй усё больш даводзіцца сутыкацца з канкурэнцыяй з боку амерыканскага і катарскага звадкаванага газу.

«Літва мяркуе, што абедзве ніткі «Паўночнай плыні» істотна павялічваюць залежнасць ЕЗ ад расейскага газу. На нашу думку, гэта не толькі тэхнічная, эканамічная, але і палітычная рызыка», – падвёў вынік міністр энэргетыкі Вайчунас. У сваю чаргу Юрый Шаўцоў мяркуе, што «дзеянні Літвы ў адносінах да Паўночнай плыні-2» – гэта проста падтрымка Украіны і пошук для сябе дапамогі на Захадзе адносна Расеі».

Апошнія навіны