Суд вынес пастанову ў справе мэнэджара Burger King, які адказаў кліенту не па-беларуску
- 22.06.2017, 21:32
Суд Цэнтральнага раёна Менска паставіў кропку ў канфлікце менчука Анатоля Новікава і кіраўніка аднаго з рэстаранаў Burger King.
Справа спынена за адсутнасцю складу адміністрацыйнага правапарушэння, піша tut.by.
Нагадаем, у пачатку лета ў адным з рэстаранаў Burger King мянчук Анатоль Новікаў звярнуўся да касіра на беларускай мове. Аднак супрацоўніца замову ў яго не прыняла: сказаўшы, што не разумее. Кліент папрасіў дапамагчы адміністратара, але тая заявіла - ведаць мову працаўнікі не абавязаныя.
Тады ў кнізе скаргаў і прапаноў мужчына пакінуў запіс на беларускай мове. Вось толькі адказ на яго ён атрымаў па-расейску. А гэта - парушэнне закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў».
У выніку на кіраўніка рэстаранам склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні - арт. 9.22 КоАП (Публічная знявага, ганьбаванне дзяржаўных і іншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай глебе). Сума штрафу ў гэтым выпадку - ад чатырох да дзесяці базавых велічынь (ад 92 да 230 рублёў). Справу накіравалі ў суд.
- За адсутнасцю ў дзеянні кіраўніка Burger King складу адміністрацыйнага правапарушэння справа ў дачыненні да яго спыненая, - паведаміла Наста Шыльвян, памочніца старшыні Менскага гарадскога суда.
Атрымаць аператыўны каментар у Burger King не ўдалося. Анатоль Новікаў жа распавёў, што за судом не сачыў: «нецікава, не было жадання туды хадзіць».
- Мне не вельмі цікава, якую пастанову прыняў суд, мэта тут была іншая, - кажа Анатоль. - Скаргі я пішу не для судоў, а каб кіраўніцтва кампаніі даведалася, што да іх заходзіў беларускамоўны чалавек, што яго неяк дзіўна абслугоўвалі і ёсць нагода падумаць пра чарговую маркетынгавую стратэгію. Напрыклад, зрабіць меню па-беларуску.
Са слоў Анатоля, гісторыя з Burger King - гэта не першы выпадак, калі ён пакідаў у кнізе скаргаў і прапаноў запіс на беларускай мове. Да гэтага таксама, здаралася, што адказ прыходзіў па-расейску, але кампаніі пазней за гэта перапрашалі.
- Ды і тады я яшчэ не ведаў, што паводле закона мне абавязкова павінны адказваць па-беларуску, - працягвае суразмоўца. - Цяпер, калі буду атрымліваць адказы па-расейску, працягну звяртацца ў выканкамы раёнаў, дзе знаходзіцца месца, дырэктар якога даслаў мне ліст па-расейску.