BE RU EN

Паўгода ў космасе: беларус Алег Навіцкі вярнуўся на Зямлю

  • 2.06.2017, 18:22

Агулам Навіцкі правёў у космасе 197 дзён.

Расейскі касманаўт беларускага паходжання Алег Навіцкі вярнуўся на Зямлю пасля паўгода на Міжнароднай касмічнай станцыі. Пра гэта паведаміў «Раскосмас».

З МКС вярнуліся два касманаўты: прадстаўнік «Раскосмасу» Алег Навіцкі і француз Тама Пэскэ, які прадстаўляў Еўрапейскае касмічнае агенцтва. Яны прызямліліся на спушчальным апараце транспартнага пілатаванага карабля «Саюз МС-03».

Расстыкоўка карабля з МКС адбылася 2 чэрвеня а 13.50. Пасля «Саюз МС-03» падзяліўся на тры часткі: спушчальны апарат накіраваўся да Зямлі, а два адсекі згарэлі ў шчыльных пластах атмасфэры.

На вышыні прыкладна 100 кіламэтраў спушчальны апарат увайшоў у шчыльныя пласты атмасфэры. На вышыні 10,8 кіламэтра хуткасць спушчальнага апарата ўпала з 28 000 да 800 км/г. Далей паслядоўна раскрыліся парашуты. А 17.10 ён прызямліўся ў Казахстане за 147 кіламэтраў на паўднёвы ўсход ад горада Жэзказгана.

Агулам Навіцкі і Пэскэ правялі ў космасе па 197 дзён. Яны ўваходзілі ў склад 51-й працяглай экспедыцыі МКС.

За час, праведзены на арбіце, Алег Навіцкі актыўна публікаваў здымкі ў Instagram. Сярод іх з'явіліся «касмічныя» фотаздымкі начнога Менска, Берасця і Гомеля. «На Зямлі мне будзе бракаваць гэтых чароўных касмічных краявідаў», - напісаў сам Навіцкі пра сваё вяртанне.

Нагадаем, Алег Навіцкі - ураджэнец беларускага Чэрвеня і грамадзянін Расеі. У космасе ён прадстаўляе дзяржаўную карпарацыю «Раскосмас». На МКС касманаўт адправіўся 17 лістапада 2016 года ў якасці камандзіра экспедыцыі Міжнароднай касмічнай станцыі. Гэты палёт у космас стаў для яго другім.

Апошнія навіны