Улады Грузіі ўважаюць за магчымае аднаўленне манархіі
- 19.06.2017, 17:47
Лідары кіроўнай партыі пачалі кансультацыі з кіраўніком Грузінскай праваслаўнай царквы.
У Грузіі лідары кіроўнай партыі «Грузінская мара» звярнуліся да кіраўніка Грузінскай праваслаўнай царквы патрыярха Іліі з прапановай пачаць кансультацыі аб аднаўленні ў краіне манархіі, паведамляе «Радыё Свабода».
На днях сам Каталікос-Патрыярх выступіў з такой ініцыятывай, спаслаўшыся на «тысячагадовую традыцыю».
Апазіцыя скептычна паставілася да прапановы аб устанаўленні канстытуцыйнай манархіі.
Старшыня парламента Іраклій Кабахідзе заявіў, што кіроўная ў краіне партыя «Грузінская мара» гатовая абмеркаваць прапанову аб вяртанні на пасаду прадстаўніка царскага дома Баграціёна. З аналагічнай заявай выступіў і лідар кіроўнай большасці ў парламенце Георгій Вольскі.
Тым самым лідары партыі адказалі на прапанову самога Патрыярха, з якой кіраўнік грузінскай праваслаўнай царквы выступіў падчас пропаведзі ў Кафедральным саборы Святой тройцы у Тбілісі: «Грузія - тысячагадовая манархія, а канстытуцыйная манархія ўносіць спакой у краіну», - заявіў Каталікос-Патрыярх усяе Грузіі.
Зрэшты, апазіцыйныя партыі падазраюць, што размовы пра «канстытуцыйную манархію» патрэбныя ўладам для нівелявання інстытута прэзідэнта, бо кіроўная партыя не ўтойвае сваіх рознагалоссяў з цяперашнім кіраўніком дзяржавы Георгіем Маргвелашвілі.
Адзін з лідараў партыі «Еўрапейская Грузія» Гігі Угулава адзначыў у сваім каментары, што аднаўленне манархіі, хай у яе «канстытуцыйнай» форме, абсалютна немагчымае: «манархічная традыцыя перапынілася, а сёння ў Грузіі нямала іншых праблем», - падкрэсліў апазіцыянер.
Царскі дом Баграціёнаў (Багратыдаў) правіў Грузіяй з 975 года да 1801 года, калі Усходне-грузінскае царства было скасаванае ўказам імператара Расеі Аляксандра ў працэсе яго ўваходжання ў склад Расейскай імперыі.