Хто з дзяцей беларускіх багатыроў застаўся ў сямейным бізнэсе
- 16.06.2017, 9:34
Як рыхтуюць сабе пераемнікаў уладальнікі найбуйнейшых айчынных кампаній.
У апошнія гады ў кіраўніцтве вядомых беларускіх прыватных кампаніях адбываецца змена пакаленняў. Спадчыннікі адных айчынных алігархаў ужо ўзялі стырно праўлення бізнэсам у свае рукі, дзеці іншых багатыроў пакуль толькі набіраюцца кіраўніцкага досведу.
Экспэрты «Заўтра тваёй краіны» вылучылі некалькіх яркіх персон новага пакалення ў буйных сямейных кампаніях.
Людміла Антаноўская
Працавала ў кампаніі «Полімайстар», заснаванай яе бацькам Аляксандрам Антаноўскім. З ейных слоў, ніколі не разлічвала, што зойме галоўную пасаду ў сямейным бізнэсе. Аднак узначаліць кампанію яе вымусілі трагічныя падзеі: спачатку смерць бацькі, потым брата.
Цяпер Людміла Антаноўская з'яўляецца ўладальніцай 94% долі ў адным з найбуйнейшых у свеце вытворцаў абсталявання радыяцыйнага маніторынгу і кантролю.
Сяргей Чыж
Старэйшы сын аднаго апальнага цяпер Юрыя Чыжа. Выпускнік University College London і Оксфардскага ўніверсітэта стаў саўладальнікам у шэрагу кампаній холдынгу «Трайпл», а ў 2013 годзе ўвайшоў у назіральную раду Менскага завода пеністых вінаў.
У складаным для «Трайпла» 2016 годзе, калі яго асноўны ўладальнік Юрый Чыж аказаўся ў зняволенні, Сяргей Чыж з пераменным поспехам спрабаваў урэгуляваць стасункі з крэдыторамі і пастаўшчыкамі. У траўні 2016 года ён стаў старшынём назіральнай рады футбольнага клуба «Дынама-Менск», а з 1 лютага гэтага года афіцыйна з'яўляецца генеральным дырэктарам «Трайпла».
Павел Мартынаў
Сын адзінага сенатара-бізнэсоўца Мікалая Мартынава, ужо досыць доўгі час працуе ў бацькоўскім абутковым холдынгу «Марка». Павел Мартынаў узначальвае фабрыку «Сан-Марка».
Раней бацьку дапамагала па бізнэсе і ягоная дачка Раіса. Але яна выйшла замуж і з'ехала ў ЗША.
Віталь і Юры Яцук
Даўно працуюць у бацькавай кампаніі «Віталюр». Сімвалічна, што назва прадпрыемства, заснаванага ў 1995 годзе Аляксандрам Яцук, паходзіць ад імёнаў яго нашчадкаў.
Сяргей Шыгалаў, Дзіяна Курыла-Шыгалава, Максім Пракаповіч
Прадстаўнікі другога пакалення ўладальнікаў Гандлёвага дома «Ждановічы» былі ўведзеныя ў бізнэс пры жыцці сваіх бацькоў. Пасля сыходу заснавальнікаў найбуйнейшага ў краіне гандлёвага комплексу Яўгена Шыгалава і Міхаіла Супруновіча яны сталі яго ўласнікамі і цяпер займаюцца рэструктурызацыяй бізнэсу, а таксама мадэрнізацыяй рынкаў.
Аляксей Адамовіч
Адказвае за фінансавыя пытанні ў кампаніі бацькі. Адамовіч-малодшы з'яўляецца намеснікам дырэктара ў фінансавых пытаннях «Камфарма»: аднаго з найбуйнейшых дыстрыбутараў лекаў у Беларусі. Ягонаму бацьку Уладзіміру Адамовічу раней належаў завод «Лекфарм», цяпер ён інвесціруе ў новую вытворчасць: «АмантысМед».
Сяргей Цыбулін
Сын аднаго з першых банкіраў Беларусі Валянціна Цыбуліна. Ён пачынаў у РРБ-Банку, які летась ізноў стаў цалкам сямейным бізнэсам (Валянцін Цыбулін выкупіў долі ў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і нямецкай кампаніі DEG). Цяпер Сяргей Цыбулін з'яўляецца сябрам савета дырэктараў РРБ-Банка.
Вадзім Аванесаў
Адзін з ключавых топ-мэнэджараў дыстрыбуцыйна-раздробнага холдынгу, якому належаць крамы «Суседзі», піцэрыі «Тэмпа-піца», сетка рэстарацый «Васількі» і «Сушы-Вёслы». Вадзім Аванесаў - сын аднаго з заснавальнікаў і саўладальнікаў гэтага холдынгу Аляксандра Аванесава.