BE RU EN

Беларусь стаіць на парозе вялікіх пераменаў

  • 16.06.2017, 9:25

Беларусы падчас вясновых акцый пратэсту паспяхова здалі экзамен на адзінства.

Гарадзенскі каардынатар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Сяргей Верамеенка падвёў палітычныя вынікі Беларускай вясны 2017 года. У артыкуле для сайта Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу bnknews.org ён распавёў, пра тое, чым запомніліся пратэсты, якія пачаліся з Марша абураных беларусаў у Менску і пракаціліся па ўсёй краіне:

- Першы, галоўны, вынік гэтай вясны - прыпыненне дэкрэта №3. Лукашэнка фактычна сам арганізаваў пратэст, выдаўшы супрацьзаконны акт. І сам жа яго скасаваў. Але пад ціскам грамадства, якое ўзначаліла, як ён казаў раней, «нікому не патрэбная апазіцыя». Навошта было супраць яе выстаўляць войскі і спецтэхніку 25 сакавіка? Адказ просты: кіраўнік баіцца супраціву простых людзей. Так званыя «дармаеды» - гэта ўжо не «пятая калона» і не «нацыяналісты-БНФаўцы». Дыктатар залез да іх у кішэню, але ў выніку моцна паплаціўся. У выніку людзі патрабавалі ягонай адстаўкі, прычым, часта пад нацыянальнымі сімваламі.

Галодны страўнік прымусіў беларуса ўключыць мозг. Грамадзяне пачалі разумець, што палітыка, эканоміка і тыя ж «выбары», якія раз за разам фальсіфікуюцца - узаемазвязаныя рэчы. Не могуць добра функцыянаваць рукі і ногі, калі галава хворая. «Мы народ спакойны, але ў бітвах дзікі», як спяваюць Dzieciuki.

Так атрымалася, што ізаляцыя ўсіх лідараў дэмакратычных сіл Гарадзеншчыны толькі нашкодзіла ўладам. Напрыклад, 15 сакавіка людзі выйшлі, было больш за тысячу чалавек, а ўзначаліў пратэст Аляксандр Лаўрэнцьеў - просты чалавек, кухар з мегафонам і сцягам, які павёў гарадзенцаў да гарвыканкама. Улады адступілі, бо адказаў на простыя пытанні ў іх няма. Няма адказаў нават у міліцыянтаў, якіх улады падманулі, адпраўляючы пад скарачэнне пасля 17-18 гадоў выслугі.

Цугцванг - вельмі добрая характарыстыка такіх дзеянняў. Што Лукашэнка не зробіць - усё да горшага. І вось ужо ў мяне, «сядзельца», ахоўнікі пытаюцца: «А што рабіць?». А сукамернікі даслоўна з першых хвілін гутаркі ўстаюць на наш бок. Бо «такога беззаконня не павінна быць», бо «бачыш, а мы гэтага не ведалі», бо турма не павінна ператварацца ў месца для катаванняў.

Другі вынік пратэстаў. Як сябра Рады БХД і Рады БНК, адзначаю, што апазіцыя падчас вясновых акцый здала экзамен на адзінства. Беларусь даўно не бачыла, калі ўсе - ад левых да правых - выходзяць адной калонай. Адзінства нацыі на глебе беларускасці заўсёды баяліся як акупанты, так і антынародная ўлада. Дарэчы, у рэгіёнах з адзінствам дэмакратаў праблем ніколі не было. Бо тут усё разумеюць, што праблемы суседа - гэта нашы агульныя.

Трэці вынік пратэстаў. З «авечкі» нарэшце сарвалі шкуру. Увесь свет успомніў старую казку, пазнаўшы ў фальшывым барану ваўка, які спрабаваў выдаваць сябе за правадыра паслухмянага статка. Але высветлілася што кіраўнік - зусім не міралюбівы баран, а грамадзяне - не статак.

Чацвёрты вынік. Ініцыятыва пераходзіць у рэгіёны. Тут ідзе гаворка не толькі пра абласныя цэнтры. Вы толькі паглядзіце, што рабілася, напрыклад, у Воршы, Баранавічах, Рагачове...

Пяты вынік - нечаканы. Са мной пачынаюць вітацца ў гарадзенскіх крамах выпадковыя людзі, якіх я раней не ведаў. Я кожнаму з іх кажу, што пратэст - наша агульная справа, кожны можа браць ініцыятыву. Гэта нармальная сітуацыя ў сучаснай грамадзянскай супольнасці, якой нам так не стае, але якая непазбежна будзе, калі мы, вядома, не саступім.

Горадня цяпер - гэта горад абураных беларусаў. Сярод працоўных расце незадаволенасць заробкамі, якія зніжаюцца ў адрозненне ад даходаў кіраўніцтва прадпрыемстваў. Людзі зразумелі, што каб нешта атрымаць, трэба нешта рабіць. Адседзецца не ўдасца. Відавочна, што наперадзе вялікія перамены. Але як мы пройдзем праз іх - праз гора, вайну, чарговае спусташэнне, або больш цывілізаваным шляхам, залежыць ад усіх нас.

Апошнія навіны