BE RU EN

Канадцаў заклікаюць на акцыю салідарнасці з беларускімі патрыётамі

  • 15.06.2017, 14:07

Беларусы Канады выйдуць да будынку мэрыі ў Таронта.

Увечары 15 чэрвеня на плошчы перад мэрыяй канадскага Таронта мясцовыя беларусы запланавалі флэшмоб у падтрымку зняволеных паводле «справы патрыётаў», паведамляе «Радыё Свабода».

Арганізатары прапануюць удзельнікам сабрацца а 18 гадзіне вечара паводле мясцовага часу, зрабіць фота на фоне вядомага месца ў горадзе з плакатам «Патрыёт не злачынца».

«Прыходзьце самі і запрашайце сяброў - нашым землякам вельмі важна часта проста ведаць, што яны не адны», - паведаміла арганізатарка акцыі Валянціна Шаўчэнка.

Беларуская дыяспара ў Таронта даволі актыўная: перыядычна праводзіць сустрэчы з вядомымі беларусамі, канцэрты беларускіх музыкаў, адзначае нацыянальныя святы.

Паводле «справы патрыётаў» за кратамі застаюцца 14 чалавек, супраць якіх распачатыя крымінальныя справы за «навучанне і падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках» і «стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання». Частку затрыманых вызвалілі, справы супраць некаторых вызваленых спынілі. Затрыманыя паведамлялі аб катаваннях, але Генпракуратура не ўбачыла падставаў для пракурорскай праверкі.

Апошнія навіны