BE RU EN

Дзяржаўны кантроль пацвердзіў арышт уладальніка таксі 7788 Віктара Пузікава

  • 15.06.2017, 10:38

Віктара Пузікава затрымалі разам з жонкай і кампаньёнам удзень 13 чэрвеня за нявыплату падаткаў на 1,4 мільёна рублёў.

У Менску затрымалі бізнэсоўца, уладальніка службы таксі 7788 Віктара Пузікава. Пра гэта tut.by паведамілі ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі.

Як стала вядома, Віктара Пузікава затрымалі разам з жонкай і кампаньёнам удзень 13 чэрвеня. Жонку Алену Пузікаву і кампаньёна адпусцілі 14 чэрвеня.

Кіраўнік і фактычны ўласнік сталічнай службы таксі не заплаціў больш за 1,4 млн рублёў падаткаў, паведамілі ў КДК.

Работнікамі ўправы Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Менску і Менскай вобласці спыненая супрацьпраўная дзейнасць кіраўніка і фактычнага ўласніка сталічнай дыспетчарскай службы таксі «Алмаз».

«Устаноўлена, што гэты кіраўнік цягам 2015-2017 гадоў рэгулярна атрымліваў ад афіцыйных і «нелегальных» таксістаў, якім выконваў дыспетчарскія паслугі таксі, гатовыя грашовыя сродкі, якія не паказваў у бухгалтарскім уліку арганізацыі. Гэта давала магчымасць ухіляцца ад выплаты падаткаў. Паводле папярэдняй ацэнкі, сума нявыплачаных падаткаў склала больш як 1,4 млн рублёў», - распавялі ва ўстанове.

Работнікамі фінансавай міліцыі ў дачыненні да кіраўніка арганізацыі і трох ягоных меркаваных памагатых распачатая крымінальная справа паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага ч 2 арт 243 (Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва вялікай суме) Крымінальнага кодэкса.

Двое падазраваных (у тым ліку, і кіраўнік дыспетчарскай службы таксі) затрыманыя і знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Падчас праведзеных аператыўна-вышуковых і неадкладных следчых дзеянняў канфіскаваныя дакументы, электронныя носьбіты інфармацыі, якія змяшчаюць звесткі аб атрыманых удзельнікамі супрацьпраўнай дзейнасці даходах, утоеных ад падаткаабкладання.

Накладзены арышт на разліковыя рахункі і грашовыя сродкі, а таксама на 93 аўтамабілі і 30 аб'ектаў нерухомай маёмасці агульным коштам больш як 2 млн даляраў ЗША, якія належаць падазраваным.

У КДК адзначылі, што выкарыстанне гэтай схемы ўхілення ад выплаты падаткаў дазволіла дыспетчарскай службе таксі ўстанаўліваць больш нізкія тарыфы, чым у іншых такіх арганізацый, дзякуючы чаму цягам апошніх гадоў ёй удалося заняць адную з дамінантных пазіцый на рынку. У сувязі з гэтым даход, штомесяц які атрымліваецца ўласнікам службы таксі за кошт выкарыстання супрацьпраўных схем, паводле папярэдніх ацэнак, перасягаў 200 000 даляраў ЗША.

Віктар Пузікаў уваходзіць у топ-25 самых паспяховых маладых беларускіх бізнэсоўцаў паводле версіі партала «Пра бізнэс». Заснавальнік службы таксі «Алмаз», дырэктар ПТУП «Віптрэйд». У структуру «Віптрэйд» уваходзяць дыспетчарскія службы таксі, якія выклікаюцца праз нумар 7788 («Алмаз»), 252, 7878, 778.

У таксі «Алмаз» больш за 3 тысячы абанентаў. У 2014 годзе служба закупіла 60 новых аўтамабіляў Geely для аўтапарка, пачала будаўніцтва чатырох СТА ў Менску.

Апошнія навіны