BE RU EN

Новыя «лісты шчасця» дадуць неўзабаве эфект

  • 15.06.2017, 8:03

Восеньская хваля пратэстаў можа стаць нечакана магутнай для ўладаў.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, паэт і палітык Уладзімір Някляеў.

- Вы з Мікалаем Статкевічам былі на сходзе для стварэння рэгіянальнай кааліцыі БНК у Берасці. Як уражанне ад настрою людзей у рэгіёнах?

- Скажу больш: я не толькі быў на сходзе для стварэння кааліцыі БНК у Берасці, я застаўся на наступны дзень, каб пагаварыць з людзьмі з розных апазіцыйных партый і рухаў адзін на адзін.

Бо на агульным сходзе можна казаць тое, што ад цябе чакаюць, а вось шчырыя гутаркі - гэта зусім іншае.

Але што дзіўна: ніякіх адрозненняў паміж тым, што гаварылася на сходзе, і ў прыватных размовах з актывістамі з Берасця не было. Людзі вельмі моцна настроеныя, каб менавіта дзеяннямі, а не словамі процістаяць рэжыму Лукашэнкі і ягонай антынароднай палітыцы.

І гэта добра праяўляецца ў тым, што адбываецца не толькі ў Берасці, але і ў многіх гарадах Беларусі.

Беларусаў ужо нават не трэба «варушыць»: не паспелі мы абраць кіраўніцтва кааліцыі БНК у Берасці, як людзі адразу падключыліся да актыўнай дзейнасці. Мы дамовіліся аб каардынацыі дзеянняў БНК з арганізацыямі і партыямі ў рэгіёнах і пра тое, што рэгіёны возьмуць удзел у акцыі 3 ліпеня ў Менску.

- Апошнім часам усё часцей даводзіцца чуць пра новыя «лісты шчасця» ад уладаў: то бяруцца за прадпрымальнікаў, то зноў высылаюць іх беспрацоўным, як учора 80 тысячам чалавек у Менску. Да чаго гэта можа прывесці ў сярэднетэрміновай перспектыве?

- Акурат учора размаўляў на гэтую тэму з двума жыхарамі Берасця. Адзін з іх - індывідуальны прадпрымальнік, другі - ужо былы выкладчык адной з ВНУ.

Яны абодва апынуліся ў групах «сацыяльнай рызыкі» за Лукашэнкам і патрапілі пад дзеянне незаконных дэкрэтаў. Абодва выдатна разумеюць: «лісты шчасця» зноў прыйдуць. Тым не менш яны засяроджаныя і не паддаюцца паніцы. Людзі выдатна разумеюць: рэжыму ўжо нічога не застаецца, акрамя як збіраць паборы з і так абабранага народа і спрабаваць узмацніць ціск на нязгодных.

Улады напэўна забыліся просты прыродны і сацыяльны закон: усялякае дзеянне выклікае супрацьдзеянне. І чым больш непрадуманымі будуць дзеянні рэжыму - тым больш магутную хвалю пратэстаў яны могуць выклікаць. Сам рэжым Лукашэнкі правакуе беларусаў на дзеянні ў адказ: не можа так быць, каб на чалавека бясконца ціснулі, і ён у выніку не прыдумаў, як адказаць годна і раўнасільна.

Фактычна ўчора ў Менску 80 тысяч чалавек атрымалі «позвы» для ўдзелу ў народных пратэстах восенню гэтага года. Цяпер гэта - актыўныя ўдзельнікі пратэстных акцый у Беларусі. І восеньская хваля акцый будзе большай і колькасна, і паводле радыкальнасці народных выступаў. Трыванне ў людзей заканчваецца. Пакуль на двары лета, пратэстны настрой «раствараецца» на лецішчах, у паездках на заробкі ў Польшчу і Расею, а ўвосень адбудзецца змена сітуацыі.

Рэжым Лукашэнкі, абвінавачваючы на словах апазіцыю ў «радыкальных дзеяннях», сам стварае перадумовы для радыкальных пратэстаў народа. Гэтыя новыя «лісты шчасця» яшчэ прарастуць увосень у выглядзе больш масавых і смелых выступаў. І на іх выйдуць і тыя, хто ніколі не браў і не збіраўся браць удзел у вулічных акцыях.

Апошнія навіны