Праваабаронца: Улады ўтойваюць інфармацыю пра БелАЭС
- 12.06.2017, 15:16
Чаму для грамадскасці і экспэртаў няма доступу на будаўнічую пляцоўку Астравецкай АЭС?
Экспэрты і грамадскія актывісты чарговым разам уздымаюць пытанне адкрытасці і празрыстасці для грамадства працэсу будаўніцтва АЭС перад адказнымі асобамі, паведамляе ПЦ «Вясна».
«На пачатку красавіка мы звярнуліся ў дырэкцыю атамнай электрастанцыі, каб правесці разам з імі круглы стол у пытаннях празрыстасці і адкрытасці будаўніцтва АЭС. Але дырэкцыя не пайшла насустрач. Нам нічога не заставалася, як проста сабраць мясцовых актывістаў, якія пражываюць у рэгіёне будаўніцтва, запрасіць экспэртаў, якія валодаюць хоць нейкай інфармацыяй, і пагаварыць аб далейшых нашых кроках», - адзначае праваабаронца з Маладзечна Алесь Капуцкі.
Актывіст з Астраўца Мікалай Уласевіч адзначае, што грамадскія актывісты і зацікаўленыя людзі накіроўваюць свае намаганні на тое, каб спыніць будаўніцтва, якое нічога добрага Беларусі не прынясе.
«І цяпер небяспека як ніколі вялікая. Пра гэта сведчаць тыя выпадкі, якія адбыліся ў 2016 годзе, калі адзін рэактар упусцілі на зямлю, а другі ўдарылі аб слуп электраперадач», - кажа ён.
Аляксандр Капуцкі падкрэслівае:
«Усё закрытае, ніхто нічога не ведае, інфармацыя ўтойваецца. Пытанне: «Чаму? Чаму няма доступу незалежнай грамадскасці і экспэртаў на будаўнічую пляцоўку?» Значыць, напэўна, ёсць, што ўтойваць».
Чалец Савета грамадскага аб'яднання «Экадом», адказная сакратарка грамадскай экалагічнай экспэртызы праекта Беларускага АЭС Таццяна Новікава мяркуе:
«Праблема ў тым, што Беларусь парушыла Орхускую канвенцыю, канвенцыю ЭСПА ў працэсе будаўніцтва, бо яна не ўлічыла ні меркаванне грамадскасці пры прыняцці пастановы аб будаўніцтве беларускай АЭС, ні меркаванне суседніх краін».
Круглы стол для абмеркавання праблем у працэсе будаўніцтва АЭС прайшоў 5 чэрвеня.