BE RU EN

Генерал Шуневіч – Берыя або Кішчак?

  • 1.06.2017, 15:06

Але апошняе слова заўсёды застанецца за беларускім народам.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка пракаментаваў «Белсату» ролю міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча ў структуры лукашэнкаўскага рэжыму.

- Радасная навіна для міністра Шуневіча, грамата, узнагарода, але, напэўна, не найлепшая навіна для беларусаў...

- Пасля падзей 2010 года Шуневіч быў арганізатарам эксперыментаў і катаванняў над палітвязнямі ў «амерыканцы» і на «Валадарцы». Менавіта за гэта Лукашэнка яго і палюбіў. Тады ён быў палкоўнікам КДБ, сёння ён генерал-лейтэнант МУС, вось і чарговую грамату атрымаў. Гэта плата за часовае збавенне дыктатара ад страху.

- А што значыць гэтая фармулёўка: «за ўмацаванне правоў і свабод грамадзян»? Гэта здзеклівае стаўленне да ўсіх беларусаў? Той жа Андрэйчанка, які ўзнагароджваў Шуневіча, «палата прадстаўнікоў» - атрымліваецца, яны смяюцца?

- Гэта Оруэл сёння. «Палатка» - вельмі смешны орган, як ім сказалі - так яны і прагаласавалі. Сказалі грамату даць – вось і далі. Але хачу заўваж, што Шуневіч, сапраўды, з'яўляецца адной з ключавых фігур у Беларусі. Я з ім асабіста сустракаўся ў турме, ён удзельнічаў у допытах (праўда, не прадстаўляўся). І магу сказаць, што гэта вельмі моцны, разумны вораг — вораг «беларушчыны».

- Як ён сябе паводзіў на допытах?

- Псіхалагічна ён вёў сябе як «добры следчы», хоць такім не з'яўляўся, некаторых дапытваў уначы. Мне ён казаў, што з'яўляецца блізкім да адміністрацыі Лукашэнкі чалавекам, які можа паўплываць на мой лёс, што яго турбуюць пытанні нацыянальнай бяспекі.

Гэта не шараговая асоба і, як я раней казаў, гэта чалавек, які меціць на месца Лукашэнкі. Як ураджэнец Луганскай вобласці ён не можа быць прэзідэнтам Беларусі, але можа быць генерал-губернатарам, калі яго палюбіць Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін. Гульня Шуневіча на карысць Масквы – відавочная.

- Ці ведае пра гэта Лукашэнка ці ён з'яўляецца часткай гэтай гульні?

- Не ведаю. Шуневіч — гэта беларускі Берыя або Цанава ў адным твары. На 10% гэта, магчыма, беларускі Кішчак (польскі генерал часоў камунізму), які запусціць механізм перабудовы (хоць разумныя людзі кажуць, што перабудова з'яўлялася рэалізацыяй канцэпцыі Берыі 50-х гадоў у трансфармацыі СССР). Ведаючы, што дыктатар асуджаны, можа, Шуневіч удзельнічае ў аперацыі «Пераемнік», бо ён вельмі блізкі да Віці Лукашэнкі. Нядаўна яны разам ездзілі на матацыклах з рокерамі.

- Пераемнік, якога рыхтуе Лукашэнка, або пераемнік, якога рыхтуе Крэмль?

- Зноў жа, мы не ведаем, што ў галаве ў Віці Лукашэнкі. Ён можа разглядаць варыянт Кадырава, бо менавіта Кадыраў-малодшы пасля перабору некалькіх кандыдатур у Маскве быў прызначаны фактычна генерал-губернатарам Чачэніі.

- Фактычна, тое, што Ігар Шуневіч займае пасаду кіраўніка МУС – усё адно для нашай дзяржавы, бо кіраўніцтву нашай краіны ўсё адно, якая ў нас сітуацыя з заканадаўствам і бяспекай грамадзян.

- Я ўжо казаў, што Шуневіч – гэта Берыя. Якімі б здольнасцямі Берыя не валодаў, ён усё адно застаецца злачынцам, хоць і быў расстраляны за тое, што напраўду рабіў. Таксама самае і з Шуневічам. Гэта трагедыя такіх жахлівых асоб, якіх лёс, гісторыя падымае наверх. Можа, яны і нясуць у сабе нейкія задаткі (пра Берыю казалі, што ён добры арганізатар), але гэта людзі аднаго шэрагу з Гімлерам, Яжовым, Цанавам.

- Навошта ўладам выхоўваць нянавісць да праваахоўных органаў, бо і так узровень даверу да іх і без таго вельмі нізкі. Навошта раздаюцца такія граматы, бо гэта аплявуха для беларускага народа?

- Гэта спроба зламаць дух беларускага народа. Другая задача – замазаць заходнікаў, «карысных ідыётаў», як калісьці казаў таварыш Сталін, якія прыязджаюць у Беларусь. 22 чэрвеня ў Менск з незразумелымі мэтамі прыедзе вельмі шмат такіх асоб высокага рангу. Вось Лукашэнка іх і замазвае, ён кажа: «Вы такія як я, вы любіце грошы, вы падтрымліваеце смяротнае пакаранне ў Беларусі, ці падтрымліваеце катаванні, беззаконне ў Беларусі». Калі б сусветная грамадскасць вяла сябе па-іншаму – Лукашэнка быў бы вымушаны паводзіць сябе па-іншаму.

- Сусветная грамадскасць паводзіць сябе вельмі ціха апошнім часам...

- Не ціха, яны сёння падлашчваюцца з дыктатарам. Яны замазаныя. Дыктатура сёння атакуе: Пуцін дыктуе свае правілы гульні ўсяму свету, Лукашэнка з'яўляецца такой фігурай на рэгіянальным узроўні. Такое звычайна адбываецца перад сусветнымі катастрофамі, калі людзі губляюць розум, пачынаюць губляць маральныя арыенціры.

Дыктатар паказвае: вы такія, як я, вы сустракаецеся са мной, цалуецеся, абдымаецеся, а я буду рабіць тое, што я раблю, буду забіваць, катаваць, рабаваць. У гэтай сітуацыі толькі народ можа сказаць сваё слова, бо народ з'яўляецца суверэнам. Нам не трэба глядзець ні на Усход, ні на Захад, трэба дэманстраваць сваю волю да жыцця, волю да незалежнасці, каб, як пісаў наш вялікі паэт, «людзьмі звацца».

- Атрымалася Шуневічу, Лукашэнку, іх служкам, канчаткова знішчыць гэтую волю да незалежнасці ў беларускім народзе?

- Не атрымалася! Мы ўсе бачылі геаграфію пратэстаў гэтай вясной. Вайна не скончаная, гэта была толькі адна бітва. Сумняваюся, што Лукашэнка перамог у гэтай сітуацыі. Да 1 траўня павінны былі ўладкаваць на працу ўсіх беспрацоўных, але, як заявілі ў беларускім Саўміне, сёлета ў краіне на 7 тысяч чалавек больш звольненых, чым прынятых на працу. Нічога з эканомікай зрабіць не атрымаецца. Яны ведаюць, што зноў настаў час перабудовы, гэта звязана з падзеннем кошту нафты.

- Атрымліваецца, што ўладам вельмі зручна, што міліцыя ненавідзіць беларусаў, а беларусы ненавідзяць міліцыю, так і працуе гэтая сістэма.

- Лукашэнка хоча мець цэрбераў, якія будуць выконваць ягоныя загады, але настроі, якія, напрыклад, выявіліся ў Крычаве, паказваюць, што ў міліцыі таксама ёсць нармальныя людзі, а не толькі ідыёты. Вядома, тое, пра што вы казалі, з'яўляецца адной з мэтаў улады: падзяляй і ўладар. Тут няма нічога новага.

Але я думаю, што Берыя ў свой час прапаноўваў рэфармаванне Савецкага Саюза і нават спрабаваў гэта рэалізаваць, бо спецслужбы заўсёды лепш ведаюць рэальнае становішча спраў у краіне. Дыктатар не атрымлівае ўсю паўнату інфармацыі, а такія людзі, як Шуневіч – усё ведаюць. Нават у такой чорнай асобы, як Шуневіч, можа быць магчымасць розных варыянтаў дзеяння.

- І галоўнае пытанне. Каму ўсё ж служаць гэтыя спецслужбы: Беларусі ці Крамлю?

- Гэта адкрытае пытанне, падобным пытаннем задаваліся яшчэ браты Стругацкія ў кнізе «Цяжка быць богам». У рамане ёсць такая фраза: там, дзе пануе шэрасць, да ўлады прыходзяць чорныя. Але нельга забываць, што ёсць воля народа, у той жа кнізе былі героі, якія павялі народ на паўстанне.

- Гэта антыўтапічныя такія рэчы, на жаль...

- Але яны былі рэалізаваныя. Савецкі Саюз распаўся, і Стругацкія не толькі гэта прадказалі, але і падрыхтавалі тысячы герояў у розных краінах, якія гэтым жывуць.

Апошнія навіны