На Маскву абрынуўся наймацнейшы ўраган
- 29.05.2017, 18:03
Колькасць ахвяр урагану ў сталіцы РФ узрасла да васьмі чалавек.
Раней паведамлялася пра шэсць загінулых, гэтую інфармацыю пацвердзілі ў сталічным СКР. Са слоў крыніцы, яшчэ два чалавекі памерлі пасля таго, як на Андрэеўскай набярэжнай на іх абрынулася альтанка, піша «Інтэрфакс».
З ёйных слоў, у выніку непагадзі адзін чалавек загінуў на Кіраваградскай вуліцы, адзін на плошчы Джавахарлала Неру, яшчэ адзін на Андрэеўскай набярэжнай. Акрамя таго, крыніца паведаміла пра двух загінулых на Кедравай вуліцы і яшчэ адным ля станцыі метро «Універсітэт».
Акрамя таго, яшчэ адзін чалавек атрымаў траўму ў выніку падзення дрэва ў Дзмітраўскім раёне Падмаскоўя.
У МНС адзначылі, што праз вецер магчымыя пашкоджанні ліній электраперадач, абрынанне дрэў, пашкоджанне шырокафарматных і слаба ўмацаваных рэкламных канструкцый, што прыводзіць да коркаў на дарогах.
Праз ападкі «месцамі магчыма пагаршэнне бачнасці, цяжкасць руху транспарту, утварэнне на дарогах коркаў і аварыйных сітуацый, а таксама павелічэнне колькасці ДТЗ на аварыйна-небяспечных адцінках», дадалі ў МНС.