BE RU EN

У Расеі падлеткі штурхалі і закідвалі фарбай паліцэйскія машыны

  • 28.05.2017, 14:49

Інцыдэнт адбыўся ў Чэлябінску падчас фестывалю Холі.

27 траўня падчас фестывалю фарбаў Холі чэлябінскія падлеткі закідалі фарбамі паліцэйскія аўтамабілі, паведамляе партал 74.ru.

На відэа, знятым адным з відавочцаў, натоўп няпоўнагадовых атачае патрульны УАЗік са слядамі фарбы і пінае яго, скандуючы «АУЕ» і «Мянты – на ... ».

У прэс-службе ГУ МУС Чэлябінскай вобласці выданню паведамілі, што ўсё «адпавядала характару свята». «Асобы падлеткаў, якія казалі нецэнзурныя выразы, цяпер высвятляюцца паліцыянтамі. У далейшым будуць праведзеныя прафілактычныя гутаркі з імі і іхнімі бацькамі», – адзначылі ў паліцыі.

Фестываль фарбаў Холі ў Чэлябінску планавалася правесці ў гандлёва-забаўляльным комплексе «Горкі», аднак адміністрацыя адмовіла арганізатарам. Раней стала вядома, што Чэлябінская пракуратура праводзіць праверку фестывалю паводле звароту мясцовай епархіі з нагоды «змяінага пранікнення дэманічных практык у душу нашага народа з мэтай ягонага раскладання».

У 2015 годзе паміж удзельнікамі фестывалю Холі ў Маскве і паліцыяй адбылася сутычка. Тады свята паспрабаваў адмяніць адзінарос Алег Круцілін. Ён патэлефанаваў арганізатарам і забараніў танцы і фарбы на «сваёй тэрыторыі», але ніякіх папераў, якія тлумачаць тое, што адбываецца, даць не змог. Свята пастанавілі не адмяняць; у разгар мерапрыемства на стадыён разам з паліцыяй прыбыў сам кіраўнік управы Аляксей Савічаў і абвясціў школьнікам, што ўсе могуць разыходзіцца па дамах. Тых, хто адмовіўся пакінуць стадыён, выводзілі сілай. У адказ у паліцыянтаў паляцелі камяні; на тэрыторыю стадыёна былі выкліканыя сілы АМАПу.

Апошнія навіны