BE RU EN

Падатковая знайшла яшчэ адну нагоду зазірнуць да менчукоў

  • 28.05.2017, 12:50

Хутка жыхары сталіцы атрымаюць паведамленні пра выплату маёмасных падаткаў.

Маёмасныя падаткі для фізічных асобаў два: падатак на зямлю і на нерухомасць. І тэрмін выплаты для іх адзін – не пазней за 15 лістапада гэтага года, піша «Менскі кур'ер».

Апавяшчэнні накіроўваюць уладальнікам аднакватэрных жылых дамоў, садовых домікаў, лецішчаў, дзвюх і больш кватэраў і пакояў, гаспадарчых пабудоваў, гаражоў, машына-месцаў, зямельных надзелаў. Стаўка зямельнага падатку залежыць ад кадастравага кошту надзелу, ягонага функцыянальнага прызначэння. Для сядзібнай забудовы ў Менску яна адпавядае 0,15%.

Стаўка падатку на нерухомасць для менчукоў з улікам павышальнага каэфіцыента, устаноўленага пастановай дэпутатаў Менгарсавета, складае 0,2% ад кошту хаткі або гаража. А для фізічных асобаў (уласнікаў двух і больш жылых памяшканняў у шматкватэрным доме) – 0,4%.

Некаторыя плацельнікі маёмасных падаткаў могуць атрымаць палёгку.

– Уладальнікам некалькіх жылых памяшканняў даецца права не абкладаць падаткам адну з кватэраў на сваё меркаванне. Калі ў вас два жылыя памяшканні, то плаціць будзеце толькі за адно. Шматдзетныя сем'і, дзе дзецям яшчэ не споўнілася 18 гадоў, поўнасцю вызваляюцца ад падатку на нерухомасць, – адзначыў намеснік кіраўніка аддзела падаткаабкладання фізічных асобаў інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў у Менску Дзмітрый Плеўскі.

Таксама падатак на нерухомасць і зямлю не бяруць з пенсіянераў паводле ўзросту, інвалідаў I і II групы за прыналежным ім гаражоў.

Апошнія навіны