BE RU EN

«Лісты шчасця» зноў сталі прыходзіць

  • 28.05.2017, 9:03

Восенню будзе нешта грандыёзнае.

Пра настроі простых беларусаў Charter97.org распавёў лідар народных пратэстаў у Баранавічах і рэгіёне прадпрымальнік Мікалай Чарнавус.

– Практычна ніводная навіна гэтай «гарачай вясны» з Баранавічаў не абыходзілася без Вашага імя. Што асабіста Вам запомнілася больш за ўсё ў пратэставай вясне 2017 года?

– Усё прайшло так станоўча, з такім размахам, што нават цяжка вылучыць нейкія асобныя моманты. Такая яркая вясна выдалася сёлета – будзем старацца прадаўжаць у тым жа духу.

А самым нечаканым было тое, што ў нас з сынам ператрус зладзілі – мы зусім гэтага не чакалі. Але ўсё так выдатна было гэтай пратэставай вясной, што пра ператрус мы нават не шкадуем.

– Ператрус Вас не спыніў? Будзеце прадаўжаць змагацца?

– Будзем ды яшчэ з новым энтузіязмам! Таму што гэтае бязмежжа мне ўжо надакучыла. З уладамі трэба змагацца: калі перастаць гэта рабіць – як іх тады перамагчы? А перамагаць нам трэба. Хто, калі не я, як той казаў!

– Добра, каб і ўсе людзі так былі настроеныя. Вы гандлюеце на рынку, маеце стасункі з людзьмі – якія ў іх цяпер настроі?

– Прадпрымальнікі на рынку ўладу лаюць, але неяк пасіўна. Думаюць больш, як выкруціцца. А вось пакупнікі – яны настроеныя яшчэ як актыўна! Той народ у Беларусі, якія жыве на заробак, на пенсію, самі ведаеце да чаго даведзены. Атрымаўшы 200 рублёў – і на рынак, і ў краму няма чаго ісці. Цяпер народ з гэтымі няшчаснымі 200 рублямі гатовы на ўсё. На любыя пратэсты.

У нас якая цяпер сітуацыя ў Баранавічах: Чарнавуса пазнаюць ужо ўсе. Як раней бацюшку: нікога не ведаюць – а бацюшку ведаюць. Так дастала гэтая ўлада людзей, што мяне пасля пратэстаў усюды пазнаюць.

Учора стаяў у чарзе, а адна зусім незнаёмая жанчына задае пытанне: «Ну як вы – яшчэ, спадзяюся, ваюеце? Так дай вам Бог здароўя! Таму што не кожны так можа, а вы нас усіх адстойваеце. І каму, як не вам, пабольш здароўя?!» Прызнаюся, мне было вельмі прыемна.

– Але ж вясной ваявалі не толькі Вы – выходзілі тысячы шмат у якіх гарадах Беларусі. Калі, на Вашу думку, людзі зноў выйдуць на вуліцы?

– Выйдуць. Ёсць усе прыкметы. І час сказаць нескладана. Я вам па парадку раскажу.

Быў я заўчора ў вёсцы Цешаўле Баранавіцкага раёна. Дык вось, на птушкафабрыцы ў гэтай вёсцы скарацілі 90 чалавек. І ўжо «лісты шчасця» ім прыйшлі. Вы ўяўляеце – 90 чалавек на невялікую вёску! І «лісты шчасця» адразу ж!

Вось і кажуць вяскоўцы: пакуль лета, мы яшчэ агародамі неяк пераб'ёмся. А як толькі восень – мы да вас у Баранавічы, як штык, на Плошчу! Таму што за 90 чалавек на вёску – гэта нешта ды значыць. Яны там нідзе не ўладкуюцца. А ездзіць кожны дзень на працу ў Баранавічы – дык гэта на адны паездкі ўвесь той заробак і аддаць давядзецца.

А «лісты шчасця» – вось яны, дома ўжо ляжаць. Праз іх народ і кажа: прыедзем да вас восенню, хай яны там рыхтуюцца. А колькі такіх вёсак, накшталт Цешаўле, ва ўсё Беларусі? Не злічыць!

– І цвёрда ў такіх вёсках людзі настроеныя?

– Яшчэ як! Ім губляць няма чаго і дзявацца няма куды. Вось яшчэ прыклад: працаўладкавалі нядаўна больш за 300 чалавек на авіязавод. А нейкія дамовы з імі не заключылі. Пройдзе тры месяцы, якраз да восені, і гэтых людзей скароцяць. Чуткі ўжо ідуць. І гэтыя людзі дададуцца да нашай арміі пратэстоўцаў. Восенню будзе нешта грандыёзнае.

Улады самі для нас «рупяцца». Людзей на Плошчу і клікаць не трэба – яны самі прыйдуць. Не трэба і заклікаць.

– Што яшчэ абурае людзей, акрамя «дармаедскага» дэкрэта?

– Шмат што. Толькі што на «дармаедаў» нападаў – цяпер у яго ўжо Коля не высыпаецца. А гэта ўсё – беды для нашых дзяцей. Атрымліваецца, школы цяпер дапазна працаваць будуць. Вельмі бацькі ў нас абураюцца!

Нават да мяне ўжо звярталіся: «Выйдзіце вы з плакатам супраць гэтага абсурду – мы вас усе падтрымаем». Людзі цяпер салідарныя. Толькі падай ім прыклад – падтрымаюць. Незадаволенасць тлее, успыхнуць ад усяго можа. Любой нагоды дастаткова.

Мне так і кажуць: «Выходзьце – мы падтрымаем».

Апошнія навіны