BE RU EN

Сілавікі затрымалі два дзесяткі чалавек са сферы гандлю кармамі

  • 26.05.2017, 10:50

Сярод іх былыя чыноўнікі.

Як стала вядома nn.by з уласных крыніц, нядаўна сілавікі (хутчэй за ўсё, КДБ) затрымалі блізу двух дзесяткаў чалавек, якія мелі дачыненне да гандлю кармамі для жывёл.

Канкрэтна гаворка ідзе пра фірмы «Кінc» і «Белэкатэхніка» - яны прадавалі вітамінныя дабаўкі ў ежы і ветэрынарныя прэпараты.

Сярод кліентаў - дзяржаўныя фермы і фабрыкі.

Зрэшты, і кіраўніцтва кампаніямі ажыццяўлялі былыя наменклатуршчыкі - затрыманы дырэктар «Кінсі» Уладзімір Бобр раней займаў пасаду ў камітэце сельскай гаспадаркі Менаблвыканкама.

Знайсці яго на працоўным месцы журналісты не змаглі, мабільны таксама адключаны.

Каментар журналісты атрымалі толькі ад аднаго з намеснікаў Бабра.

«Сітуацыю каментаваць я не буду. Калі вам цікава, як у кампаніі справы, то рахункі нашы размарожаныя, кампанія працуе ў звычайным рэжыме», - сказаў Дзмітрый Паўлючэнка, якога сакратарка «Кінсі» прадставіла як выканаўцу абавязку кіраўніка на гэты момант.

У кампаніі і яе аддзяленнях па краіне працуюць блізу 400 чалавек.

Паводле інфармацыі журналістаў, у рамках той жа справы экс-кіраўнік Чэрвеньскага райаграсэрвіса ўжо асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі.

Следчы камітэт пакуль не адказаў на запыт, у прэс-службе КДБ адмовіліся каментаваць, патлумачыўшы, што гэта справа ўжо выйшла з кампетэнцыі ведамства.

Апошнія навіны