BE RU EN

Віцябчук за некалькі месяцаў распусціў блізу $40 тысяч

  • 25.05.2017, 19:43

Маладзён прамантачыў практычна ўвесь сямейны ашчадак.

Малады жыхар Віцебска некалькі месяцаў браў у бацькоў ашчадак, прамантачыў з сябрамі амаль $40 тысяч, паведаміў БелТА афіцыйны прадстаўнік УУС Віцебскага аблвыканкама Віталь Сапроненка.

Рамесніца з Віцебска звярнулася ў міліцыю пасля таго, як заўважыла знікненне 25 тысяч еўраў і $16,5 тысяч з канвертаў, у якіх дома захоўваліся грошы. Паводле факту крадзяжу была распачатая крымінальная справа, і першымі пад падазрэнне супрацоўнікаў крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РАУС, якія вялі расследаванне, трапілі сямейнікі. Неўзабаве была высветленая датычнасць да ўчынення крадзяжу 22-гадовага сына заяўніцы.

«Сям'я вядзе даволі закрыты лад жыцця, чужынцаў у дом не пускаюць. Між тым, сын жанчыны, які нідзе не працаваў, дазваляў сабе вялікія выдаткі, ладзіў пагулянкі з сябрамі, якія аплачваў з невядомых крыніц. Спачатку маладзён цалкам адмаўляў сваю датычнасць, але пазней распавёў, як яно было», - растлумачыў Віталь Сапроненка.

Выявілася, што сын некалькі месяцаў таму ўзяў з аднаго канверта 500 еўраў, якія планаваў вярнуць пасля таго, як знойдзе працу. Але, спазнаўшы лёгкія грошы, ужо не здолеў спыніцца. У выніку за некалькі месяцаў ён прыкметна спустошыў ашчадак бацькоў.

Апошнія навіны