BE RU EN

Акцыя салідарнасці са Змітром Паліенкам не дае спакою міліцыі

  • 25.05.2017, 18:33

Міліцыянты пачалі абзвоньваць актывістаў Вячаслава Касінерава і Анісію Гурскую.

24 траўня на хатнія тэлефоны актывіста Вячаслава Касінерава і валанцёрцы "Вясны" Анісіі Гурскай патэлефанавалі з РУУС Цэнтральнага раёну Менску, піша spring96.org.

Супрацоўнік міліцыі распытваў пра іх удзел у акцыі салідарнасці з палітвязнем Змітром Паліенкам падчас велакарнавалу «Viva ровар!» і хацеў выклікаць актывістаў на размову.

Са слоў Вячаслава Касінерава, слухаўку зняла ягоная матуля. Супрацоўнік міліцыі на іншым канцы проваду сказаў, што яму трэба пагаварыць з ейным сынам, бо той падчас велапараду 13 траўня нібыта катаўся без футболкі. Пазней Вячаслаў ператэлефанаваў супрацоўніку міліцыі, каб удакладніць акалічнасці. Міліцыянт пачаў распытваць Касінерава пра футболку «Свабоду Паліенку», якая была на ім падчас велапараду 13 траўня, а затым запрасіў яго прыехаць у Цэнтральны РУУС на гутарку ў рамках праверкі паводле адміністрацыйнай справы. На пытанне Касінерава, ці заведзеная гэтая справа супраць яго, міліцыянт адказаў, што не. У выніку Касінераў адмовіўся ехаць у РУУС.

З такімі ж пытаннямі на хатні нумар Анісіі Гурскай патэлефанаваў міліцыянт Цэнтральнага РУУС Дзмітрый Шарамецьеў. Валанцёркі "Вясны" дома не было, і ён пачаў распытваць бацьку пра тое, дзе Анісія працуе ці вучыцца, прасіў нумар ейнага мабільніка. Бацька адмовіўся даваць гэтыя звесткі міліцыянту, і тады Шарамецьеў папрасіў, каб дзяўчына сама набрала яго пазней. Публікуем запіс размовы Анісіі і Дзмітрыя Шарамецева.

Падчас размовы міліцыянт задаваў дзяўчыне шмат пытанняў, накшталт «Ці выкрыквалі вы «Свабоду Паліенку?», «Ці давалі інтэрв'ю?», «Адкуль у Вас футболка з такім надпісам?», «Якія сябры Вам яе падарылі?» і г.д. Таксама Шарамецьеў настойліва запрашаў Анісію на гутарку ў РУУС, каб «запісаць тлумачэнні ў рамках праверкі». Анісія, у сваю чаргу, пагадзілася прыехаць у РУУС толькі пасля атрымання позвы.

13 траўня чатыры чалавекі, у тым ліку Вячаслаў Касінераў і Анісія Гурская, прыехалі на стартавую месца велакарнавалу «Viva ровар!» у футболках з надпісам «Свабоду Паліенку!». Як распавёў тэлеканалу «Белсат» Вячаслаў Касінераў, актывісты такім чынам выказалі салідарнасць з палітычным зняволеным Змітром Паліенкам і прыцягнулі да гэтага ўвагу іншых удзельнікаў акцыі.

Нагадаем, 7 траўня 2017 года суд Заводскага раёна г. Менска скасаваў адтэрміноўку выканання пакарання, прысуджанага актывісту судом Цэнтральнага раёна ў кастрычніку 2016 года. Падставай для крымінальнага пераследу стаў удзел Паліенкі ў мірнай акцыі - велапрабегу «Крытычная маса», які праходзіў 29 красавіка мінулага года і быў спынены міліцыяй.

Такім чынам, з улікам часу ўтрымання пад вартай да суда ў 2016 годзе, актывіст павінен адбыць паўтара года зняволення. Праваабарончая супольнасць Беларусі прыйшла да высновы, што асуджэнне Змітра Паліенкі непасрэдна стала вынікам рэалізацыі ім свабоды мірных сходаў і выказвання думкі, і кваліфікуе сацыяльнага актывіста як палітычнага зняволенага, патрабуючы ад уладаў ягонага неадкладнага вызвалення.

Апошнія навіны