BE RU EN

Менскую вобласць хочуць даверыць гендырэктару МТЗ

  • 25.05.2017, 17:43

Крэсла Шапіры можа заняць Фёдар Дамаценка.

Месца губернатара Менскай вобласці, мяркуючы з усяго, пуставала нядоўга. На пасаду старшыні Менаблвыканкама прадракаюць Фёдара Дамаценку, які цяпер займае пасаду гендырэктара Менскага трактарнага завода. Пра гэта tut.by распавялі некалькі крыніц.

Дамаценка ўзначаліў трактарны завод у жніўні 2014 года. Пры ім прадпрыемства пераадолела крызіс 2014-2015 гадоў, і адно з нямногіх у галіне выйшла ва ўстойлівы плюс. Да гэтага ён паўтара года быў памочнікам Лукашэнкі - галоўным інспектарам Менска.

Фёдар Дамаценка нарадзіўся ў 1957 годзе. З 1983 года ягоная вытворчая дзейнасць была звязаная з Беларускім аўтамабільным заводам, дзе ён прайшоў шлях ад інжынера-электроніка да першага намесніка генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях і развіццю. У 2010 годзе Дамаценка прызначаны старшынём Маладзечанскага райвыканкама.

24 траўня Сямён Шапіра быў вызвалены ад пасады старшыні Менаблвыканкама ў сувязі з пераходам на іншую працу. 20 траўня ён стаў старшынём Федэрацыі хакея. Паводле інфармацыі tut.by, яму таксама прадракаюць пасаду віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта і паўнамоцнага прадстаўніка Лукашэнкі.

Апошнія навіны