BE RU EN

Данкверт пачаў новую прадуктовую вайну супраць Беларусі

  • 25.05.2017, 11:14

Пад санкцыі «Рассельгаснагляду» патрапілі амаль 100 беларускіх прадпрыемстваў.

«Рассельгаснагляд» апублікаваў «чорны спіс» з амаль ста беларускіх прадпрыемстваў, 34 з якіх маюць ветэрынарна-санітарны статус з «узмоцненым лабараторным кантролем», 26 - папярэджанне - і яшчэ 36, да якіх у кантрольнага ведамства асаблівыя патрабаванні.

Спіс не канчатковы

«Пуцін хоча, каб Лукашэнка перакрыў гэтыя каналы, а беларускі бок не прызнае наяўнасць гэтых каналаў рээкспарту, таму Расея вымушана ціснуць на Беларусь вось такім чынам», - распавяла «Белсату» Іна Гармель, журналістка «Agrolive.by».

Як раз з сённяшняга дня «Рассельгаснагляд» увёў часовыя абмежаванні на пастаўку ў Расею прадукцыі з яшчэ трох беларускіх прадпрыемстваў - «Мясапрадукт», «Ружовы кіт» і Мясны двор «Тарасава». А 22-га траўня быў зацверджаны ўзмоцнены лабараторны кантроль, які тычыцца прадукцыі дзевяці айчынных мяса-малочных прадпрыемстваў. З такімі мерамі расейскага боку не згодны былы прэм'ер, сябра калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі, які ў інтэрв'ю нашаму тэлеканалу заявіў наступнае.

«Галоўнае - прадукцыя прадаецца і шануецца пакупнікамі. І гэта відаць, бо беларуская прадукцыя на працягу дня, двух, трох дзён фактычна не мяняецца ў складзе кансістэнцыі. Адчыняеш іншы прадукт, імпартны - там ужо сыроватка і палова банкі адслаілася. Вось дзе праблему трэба ўбачыць, а не лавіць блох там, дзе іх няма», - упэўнены былы прэм'ер-міністр.

Паездка Лукашэнкі ў Кітай раздражняе Маскву?

Асабліва прыкметныя, кажучы словамі былога прэм'ера, «блохі», сталі пасля візіту прэзідэнта Беларусі ў Кітай. Хоць яшчэ два дні таму міністр сельскай гаспадаркі Расеі Аляксандр Ткачоў паводле вынікаў перамоў з беларускім бокам паведаміў, што Масква зняла забарону на пастаўкі з двух мясных і сямі малочных беларускіх прадпрыемстваў, і на працягу тыдня-дзесяці дзён павінен адбыцца наступны этап перамоваў, каб зняць і іншыя забароны. Паводле ацэнак экспэртаў, такая гульня Лукашэнкі з кітайскімі рынкамі - празрысты пасыл Крамля кіраўніку Беларусі.

«Калі ўлічваць, што падчас візіту Лукашэнкі ў Кітай разглядаліся два пытанні - гэта інвеставанне адной з буйных кітайскіх карпарацый у тую ж малочную прадукцыю, і другое - пра допуск беларускай ялавічыны на беларускі рынак, гэта лёгка звязаць з тымі мерамі, якія прымае Расея», - кажа Гармель.

Яшчэ ў лютым Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў ва ўсіх харчовых бедах кіраўніка «Рассельгаснадзора» Сяргея Данкверта і загадаў айчынным праваахоўнікам надзець на яго кайданкі за ўчыненне шкоды Беларусі. Праўда, Крэмль на гэта таксама мае сваё меркаванне: на днях Генпракуратура Расеі апублікавала адказ на запыт цэнтра «Транспэрэнсі Інтэрнэшнл - Расея», не знайшоўшы ніякіх камерцыйных інтарэсаў расейскага чыноўніка ў абмежаванні паставак беларускай прадукцыі.

Апошнія навіны