BE RU EN

Студэнт Крысціян Шынкевіч пераканаў суд у сваёй праваце

  • 25.05.2017, 9:59

Але пастанову дэкана аб адлічэнні з БДПУ суддзя скасоўваць не стала.

24 траўня ў судзе Маскоўскага раёна Менска разглядалася справа студэнцкага актывіста Крысціяна Шынкевіча супраць БДПУ. Ён скардзіўся на незаконнае адлічэнне з універсітэта, паведамляе сайт spring96.org.

Пасяджэнне пачалося а 10 раніцы і працягвалася дзве гадзіны. Падчас яго Крысціян падаў довады таго, што БДПУ неаднаразова парушыў тэрміны азнаямлення студэнта са сваімі пастановамі, у тым ліку і з пастановай аб адлічэнні. Актывіст распавёў пра тое, што яму не была дадзена магчымасць напісаць тлумачальную запіску, а таксама пра іншыя факты парушэнняў.

Прадстаўнікі адміністрацыі ўніверсітэта, у сваю чаргу, падалі акт, датаваны 18 траўня, які, са слоў Крысціяна, раней нідзе не фігураваў. У гэтым акце тлумачыцца, што адміністрацыя ўніверсітэта не змагла азнаёміць Шынкевіча з яго спагнаннямі нібыта з прычыны таго, што студэнт адсутнічаў на занятках.

Агучваючы пастанову ў справе, суддзя прызнала, што вымова дэкана не з'яўляецца дысцыплінарнай мерай, аднак разам з тым суд не мае паўнамоцтваў яе скасаваць. Вынік суда - скарга Крысціяна на незаконнае адлічэнне з ВНУ не задаволеная ў поўным аб'ёме.

Нагадаем, што Крысціян Шынкевіч быў брутальна затрыманы на Дзень Волі ў офісе ПЦ «Вясна» падчас інструктажу перад назіраннем за акцыяй. Яго разам з іншымі назіральнікамі даставілі ў РУУС Першамайскага раёна, але потым адпусцілі.

На наступны дзень, 26 сакавіка, ён быў затрыманы зноў, падчас акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Суткі ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, а затым яго асудзілі паводле артыкула 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і далі штраф сумаю 20 базавых велічынь.

Пасля гэтых падзей, 28 сакавіка, актывіст даведаўся, што яго задняй датай адлічылі з універсітэту - на загадзе рэктара стаяла дата 24 сакавіка. Афіцыйная прычына - «невыкананне абавязкаў навучэнца». Аднак Крысціян упэўнены, што ён адлічаны за грамадскую дзейнасць.

Апошнія навіны