У Лунінцы п'яны міліцыянт учыніў ДТЗ
- 24.05.2017, 20:36
За апошні час гэта ўжо трэці выпадак, калі міліцыянты Берасцейскай вобласці трапляюцца п'янымі за стырном.
Аварыя адбылася сёння ўночы. Пад 1:35 перад эстакадай на вуліцы Кастрычніцкай кіроўца аўтамабіля Renault Megane Scenic не ўкіраваў, выехаў на сустрэчную палосу і рэзнуўся ў агароджу эстакады. У салоне знаходзіліся чацвёра. Адна з пасажырак атрымала страсенне мозгу і пералом сцегнавой косткі. Дзяўчына цяпер у лякарні.
- За стырном знаходзіўся 30-гадовы супрацоўнік Лунінецкага РУУС, - распавялі Onliner.by ва УУС Берасцейскага аблвыканкама. - Ён знаходзіўся па-за службай і быў у цывільным адзенні. Сам хлопец жыве ў Палескім Лунінецкага раёна. Аўтамабіль належаў ягонаму бацьку.
У салоне акрамя хлопца знаходзіліся яшчэ тры чалавекі. Перад эстакадай, якая знаходзіцца на вуліцы Кастрычніцкай, ён не ўкіраваў і сутыкнуўся з металічнай агароджай.
- 18-гадовая пасажырка, якая ехала з ім, атрымала цяжкія пашкоджанні: закрытую чэрапна-мазгавую траўму, страсенне галаўнога мозгу і пералом сцегнавой косткі. Цяпер яна знаходзіцца ў шпіталі, - адзначылі ва УУС. Астатнія пасажыры, а таксама кіроўца не пацярпелі.
Як адзначылі праваахоўнікі, у крыві ў хлопца выявілі 1,7 праміле алкаголю. Цяпер яго затрымалі, ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
- Паводле факту ДТЗ прызначаная службовая праверка, - дадалі ва УУС. - Дзеянням кіроўцы будзе дадзеная прынцыповая ацэнка. Пазіцыя МУС у гэтым пытанні жорсткая: такім супрацоўнікам не месца ў нашых шэрагах.
Лунінецкі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу паводле ч.4 арт.317 КК «Парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула прычыненне з неасцярожнасці цяжкага цялеснага пашкоджання», распавялі ва УСК Берасцейскага аблвыканкама.
- Следчыя будуць хадайнічаць аб тым, каб абраць меру стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту, - распавяла афіцыйная прадстаўніца УСК Берасцейскай вобласці Марына Дранькова. - Цяпер на месцы працуюць следчыя тэрытарыяльнага падраздзялення, абласной управы.
За апошні час гэта ўжо трэці выпадак, калі супрацоўнікі праваахоўных органаў Берасцейскай вобласці трапляюцца п'янымі за стырном. Нагадаем, у лістападзе мінулага года часовы выканаўца абавязкаў начальніка АДАІ Баранавіцкага РАУС Андрэй Валкавыцкі насмерць збіў жанчыну. 28 красавіка гэтага года за кіраванне ў нецвярозым выглядзе затрымалі начальніка Столінскага РАУС Вячаслава Філіпчыка.