BE RU EN

Вайскоўцы Паўднёвай Карэі збілі паветраны аб'ект з КНДР

  • 23.05.2017, 16:35

Неапазнаны аб'ект уварваўся ў паветраную прастору Паўднёвай Карэі з боку КНДР і быў збіты сіламі СПА.

У паўднёвакарэйскай правінцыі Канвандо вайскоўцы адкрылі папераджальны агонь па «неапазнанаму аб'екту», які быў запушчаны з тэрыторыі Паўночнай Карэі, паведамляе агенцтва «Ронхап» у аўторак, 23 траўня (пераклад - «Нямецкая хваля»).

Аб'ект перасёк вайскова-дэмаркацыйную лінію, якая падзяляе дзве краіны, аднак паўднёвакарэйскія вайскоўцы не змаглі ідэнтыфікаваць яго. У выніку Аб'яднаны камітэт начальнікаў штабоў Рэспублікі Карэя прыняў пастанову пасля папераджальных стрэлаў адкрыць агонь на паразу. Аб'ект быў знішчаны.

Цяпер вайсковае кіраўніцтва краіны вывучае, што гэта быў за аб'ект, і якую пагрозу мог несці для нацыянальнай бяспекі. Не выключаецца, што гаворка ідзе пра беспілотнік, запушчаны з тэрыторыі КНДР. Прынятая пастанова аб узмацненні сістэмы супрацьракетнай абароны Паўднёвай Карэі.

Напружанасць на Карэйскім паўвостраве ўзрасла ў апошнія месяцы ў сувязі з частымі ракетнымі выпрабаваннямі КНДР. Апошняе з іх было праведзенае 21 траўня, калі Пхеньян запусціў балістычную ракету сярэдняй далёкасці «Пуккыксон-2». Яна праляцела блізу 560 км і ўпала ў Японскае мора.

Апошнія навіны