BE RU EN

Алесь Бяляцкі патрабуе ад Генеральнай пракуратуры праверыць звесткі пра катаванне беларускіх патрыётаў

  • 23.05.2017, 9:27

Праваабаронца звярнуўся да Генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка.

Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі звярнуўся да Генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка з патрабаваннем правесці праверку звестак аб ужыванні катаванняў у дачыненні да фігурантаў «справы патрыётаў» у СІЗА КДБ і МУС.

«Як прадстаўнік праваабарончай супольнасці Беларусі, я вельмі занепакоены з'яўленнем інфармацыі пра магчымае выкарыстанне недазволеных метадаў у дачыненні да абвінавачаных у гэтай справе. Асабліва ўлічваючы той факт, што інфармацыі аб катаваннях у СІЗА КДБ, агучаная кандыдатам у прэзідэнты Алесем Міхалевічам, які ў свой час знайшла пацвярджэнне», — цытуе Бяляцкага праваабарончы сайт spring96.org.

Паводле інфармацыі заснавальніка «Белага легіёну» Сяргея Чыслава, арыштаваных фігурантаў «справы патрыётаў» катуюць у СІЗА і ўздзейнічаюць на іх псіхатропамі.

«Думаю, што гэтая інфармацыя сведчыць пра магчымыя парушэнні правоў асобаў, якія з'яўляюцца абвінавачанымі ў гэтай крымінальнай справе і ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ і МУС. Супрацоўнікамі міліцыі, прадстаўнікамі іншых дзяржаўных органаў у дачыненні да затрыманых маглі быць незаконна выкарыстаныя спецыяльныя сродкі і фізічная сіла. Так, адзін з затрыманых у справе Міраслаў Лазоўскі, як вынікае з сюжэту, паказанага ў нацыянальнай тэлевізіі, падчас затрымання быў збіты, на твары былі сляды крыві і пабояў. Між тым законнасць і неабходнасць прымянення да яго фізічнай сілы супрацоўнікамі міліцыі павінны строга адпавядаць патрабаванням дзейнага заканадаўства, не насіць характару здзекаў і катаванняў», — адзначае Бяляцкі.

Праваабаронца просіць генпракурора правесці праверку названых у СМІ звестак і пры ўстанаўленні фактаў выкарыстання катаванняў усталяваць і прыцягнуць да адказнасці вінаватых.

Апошнія навіны