BE RU EN

Тысячы вугорцаў выйшлі на марш пад сцягамі Еўрапейскага звязу

  • 22.05.2017, 9:51

Некалькі тысяч чалавек на вуліцах Будапешта выказалі нязгоду з палітыкай прэм'ер-міністра Віктара Орбана.

У Будапешце ў нядзелю, 21 траўня, некалькі тысяч чалавек зноў бралі ўдзел у дэманстрацыі пратэсту супраць палітыкі, якая праводзіцца прэм'ер-міністрам Вугоршчыны Віктарам Орбанам, паведамляе «Нямецкая хваля».

Дэманстрацыя працягнула серыю пратэстных акцый, распачатую ў красавіку пасля прыняцця спрэчнага закона аб вышэйшай адукацыі.

Згодна з новым законам, замежныя ўніверсітэты, акрамя філіяла ў Вугоршчыне, павінны мець аддзяленне ў сваёй краіне. На думку крытыкаў заканадаўчай ініцыятывы вугорскага ўрада, яна нацэлена на ліквідацыю незалежнага Цэнтральна-Еўрапейскага ўніверсітэта (ЦЕУ), заснаванага амерыканскім мецэнатам Джорджам Сорасам.

Улады крытыкуюць гэту навучальную ўстанову за прапаганду «занадта адкрытага і ліберальнага грамадства». ЦЕУ мае статус прыватнай замежнай ВНУ з акрэдытацыяй у ЗША, аднак адзінае яго аддзяленне знаходзіцца ў Будапешце, і цяпер аказваецца па-за законам.

Раней, 17 траўня, Еўрапарламент большасцю галасоў прыняў рэзалюцыю з заклікам запусціць працэс праверкі ў дачыненні да Вугоршчыны, каб вызначыць адпаведнасць дзеянняў уладаў гэтай краіны еўрапейскім каштоўнасцям.

Апошнія навіны