BE RU EN

Услед за прэзідэнтам у Менск прыехаў міністр абароны Сербіі

  • 20.05.2017, 11:37

У Менск з візітам прыбыў міністр абароны Сербіі Зоран Джорджавіч.

Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі ў суботу.

«З 19 да 21 траўня праходзіць афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь міністра абароны Рэспублікі Сербія Зорана Джорджавіча», – гаворыцца ў паведамленні на сайце Мінабароны.

Паводле інфармацыі ваеннай установы ў суботу адбылася сустрэча Джорджавіча з міністрам абароны Беларусі генерал-лейтэнантам Андрэем Раўковым.

«Падчас наведвання 8-й Міжнароднай выставы ўзбраення і ваеннай тэхнікі “MILEX-2017” запланаваная сустрэча кіраўніка сербскай дэлегацыі з кіраўніком Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рэспублікі Беларусь Сяргеем Гурулёвым», – адзначылі ў Мінабароны.

«Правядзенне перамоваў з сербскім бокам дазволіць прадоўжыць развіццё ўзаемавыгадных двухбаковых адносінаў і абмеркаваць перспектыўныя напрамкі ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва», – прадоўжылі ў ваеннай установе.

Акрамя гэтага, кіраўнік сербскай абароннай установы наведае Храм-помнік у гонар Усіх святых і ў памяць ахвяраў, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі.

«Падчас наведвання Зоран Джорджавіч перадасць капсулу з зямлёй Мемарыяльнага комплексу вызвольнікаў Белграда для захавання ў крыпце храма», – падсумавалі ў Мінабароны.

Апошнія навіны