BE RU EN

Улады зруйнуюць дом Мікалая Статкевіча

  • 19.05.2017, 18:55

Лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ўпэўнены, што ўлады такім чынам помсцяць яму за палітычную актыўнасць.

Стала вядома, што дом, у якім жыве адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч, усё ж такі будзе зруйнаваны.

"Мяркую, што гэта не простае супадзенне, - распавёў палітык сайту palitviazni.info. - Гэта помста...»

«3 траўня прынеслі паведамленне аб тым, што наш дом будзе зруйнаваны «ў сувязі з канфіскацыяй зямлі для дзяржаўных патрэб», - напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Марына Адамовіч - жонка Мікалая Статкевіча. - Пастанова, нібыта, канчатковая. Форма стасункаў - хамская. Спачатку УКБ даслаў ультыматыўнае патрабаванне прыбегчы да іх і дакументы «праваўстаноўчыя» ім выдаць, інакш яны на цябе ў суд пададуць, і толькі потым ужо родная дзяржава пажадала паведаміць, што вельмі ёй спатрэбілася Лошыцкая зямля - панэлькі ўпрыгожыць надумалі?..»

«Яшчэ ў мінулым годзе была прынятая пастанова змяніць генплан, - распавядае перадгісторыю Мікалай Статкевіч. - Пры гэтым дзіўным чынам супала, што пастанову прынялі на наступны дзень пасля акцыі супраць фальсіфікацый падчас так званых парламенцкіх выбараў. А цяпер пацверджанне аб руйнаванні дома прыйшло ў дзень, калі я выйшаў з-пад арышту, хоць пастанова была прынятая значна раней. Прыблізна ў той час, калі мне давалі 5 дзён арышту».

Палітык мяркуе, што «такія супадзенні невыпадковыя, улады любяць рабіць падказкі».

«Нам раяць рыхтавацца да пераезду, а наўзамен будуць прапаноўваць кватэру, як кажуць, «тыпавых спажывецкіх якасцяў», - прадаўжае ён. - Натуральна, што гэта не параўнаць з домам. У той жа час перанесці яго ў іншае месца ў Менску не прапануецца. Да канца месяца павінны вызначыцца з варыянтам, які будзе прапанаваны. А цяпер трэба добраахвотна прынесці ўсе дакументы на маёмасць».

Са слоў Мікалая Статкевіча, пастанову можна было б абскардзіць, але наўрад ці гэта дасць нейкі эфект.

«Вы ж ведаеце, як суды разглядаюць справы, калі там прысутнічае палітыка. Суддзя там нічога не вызначае, - дадае Мікалай Статкевіч. - Таму дом зруйнуюць».

Апошнія навіны