BE RU EN

Домрачава патаемна атрымала яшчэ адзін участак на беразе Менскага мора

  • 17.05.2017, 10:42

Біятланістка мае намер пабудаваць тэнісны корт і пірс прама да дома.

Яшчэ летась віла Дар'і Домрачавай на беразе Менскага мора была дабудаваная. Здавалася, што знакамітая біятланістка вось-вось справіць наваселле. Але пакуль Дар'я так і не пераехала ў новы дом. Яшчэ не добраўпарадкаваная тэрыторыя вакол дома. Акрамя таго, ідуць працы на тэрыторыі, што аддзяляе ўчастак дома плошчаю 0,8 га ад прыбярэжнай зоны — яго спартсменка атрымала пад добраўпарадкаванне, піша tut.by.

— Дзвесце самазвалаў пяску сюды прывезлі, не менш! — расказваюць мужчыны, якія на пару газон косяць недалёка ад дома спартоўкі. — Даша тут збіраецца будаваць тэнісны корт і пірс прама да дома, каб лодкі падплывалі. А што? Ёй, думаю, можна — яна ж заслужаны Герой Беларусі. А хто яшчэ ў нас у спорце так вызначыўся, як Дар'я? Ніхто! Вось няхай і будуе, што хоча — заслужыла.

Нагадаем, дом трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар'і Домрачавай, які для яе праектаваў родны брат — архітэктар Мікіта Домрачаў — размешчаны на першай берагавой лініі Менскага мора. Ад дома да вады з вузкім пясчаным пляжам застаецца яшчэ прыстойная адлегласць. Вось менавіта гэты ўчастак, не лічачы метраў пяцьдзесят ад самай вады (гэтая частка ўваходзіць у водаахоўную зону. — Заўв.), прыкметна змянілася, калі параўноўваць з вясной мінулага года. Бачна, што сюды сапраўды навезлі пяску.

Каб удакладніць, хто і што на самай справе тут будуе, патэлефанавалі галоўнаму архітэктару Менскай вобласці — Вадзіму Нікалаенку.

— Дар'і Домрачавай сапраўды быў выдзелены ўчастак 0,8 га пад добраўпарадкаванне, — распавёў Вадзім Віктаравіч. — Раней гэтая пляцоўка разглядалася ў якасці размяшчэння інвестыцыйнага праекта з зонамі адпачынку. Пазней ад гэтай ідэі адмовіліся на просьбу мясцовых жыхароў, якія хацелі жыць у ціхім і спакойным месцы. У выніку вырашылі размяшчаць у Лапаравічах участкі толькі пад жыллёвае будаўніцтва.

Вадзім Нікалаенка распавёў, што на добраўпарадкаванне тэрыторыі ў Дар'і Домрачавай ёсць праект. Згодна яму, на ўчастку размесцяць тэнісную і валейбольную пляцоўкі, а таксама ўладкуюць сажалку, прывядуць у парадак прылеглую да яго тэрыторыю.

Усе працы па добраўпарадкаванні тэрыторыі Дар'я Домрачава робіць за свой кошт. У колькі ёй абыйдзецца рэалізацыя праекта, застаецца толькі здагадвацца. Толькі пакрыццё тэніснага корта можа каштаваць больш за 100 тысяч даляраў, не кажучы ўжо пра ўсю тэрыторыю.

Апошнія навіны