BE RU EN

Скарына з вялікай верагоднасцю быў каталік

  • 14.05.2017, 13:11

Пра гэта сведчыць велізарная колькасць фактаў з біяграфіі першадрукара.

Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі Алесь Жлутка мяркуе, што беларускі першадрукар Францыск Скарына з вялікай верагоднасцю быў каталіком.

Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю Беларускай рэдакцыі «Ватыканскага радыё».

«Па-першае, ягонае імя – у гонар Францішка Асізскага, заснавальніка ордэна францысканцаў, галіной якога былі бернардынцы, з якімі, у сваю чаргу, быў цесна звязаны шлях першадрукара да навукі і кнігадрукавання», – нагадаў Жлутка.

Веды з лаціны, неабходныя для паступлення ва ўніверсітэт, Скарына, на думку Жлуткі, спасцігаў у школе пры Бернардынскім манастыры ў Полацку.

Навучанне ў каталіцкім універсітэце ў Кракаве Алесь Жлутка мяркуе яшчэ адным аргументам на карысць прыналежнасці Скарыны да традыцыі заходняга абраду.

«Трэба адзначыць яшчэ, што пасля выдання кніг Бібліі ў Празе ў 20-я гады XVI ст. першадрукар быў сакратаром віленскага каталіцкага біскупа Яна. Таксама ў Вільні ён ажаніўся з Маргарытай Адвернік, мяркуючы з імені, каталічкай. Тут ён надрукаваў яшчэ два выданні “Апостал” і “Малую падарожную кніжку”, дзе ў акафісце згадваецца папа рымскі».

Сыны Скарыны, якія разам з ім перабраліся ў Чэхію, служылі ў двух высокапастаўленых каталіцкіх іерархаў, дадае Жлутка.

Апошнія навіны