У Віцебску загарэўся дом уладальніка абутковага холдынгу «Марка»
- 12.05.2017, 14:16
Будынак, у якім адбыўся пажар, з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
12 траўня ў Віцебску на вуліцы Талстога адбыўся пажар у доме, у якім знаходзіцца фірмовая крама «Марка», а на другім паверсе жыве ўладальнік холдынгу Мікалай Мартынаў.
У будынку задымленне на першым і на цокальным паверхах. Гарыць упаковачная кардонная тара з абуткам у памяшканні склада крамы, паведамляе сайт МНС.
Пра пажар выратавальнікам а 10:28 паведаміла працаўніца крамы. У будынку спрацавала пажарная сігналізацыя, што дапамагло аператыўна выявіць пажар. Ратавальнікі эвакуявалі з крамы трох работнікаў, а з трох кватэр на другім паверсе вывелі двух чалавек. Наведвальнікаў на момант узгарання ў краме не было.
У выніку пажару ніхто не пацярпеў, у складзе на цокальным паверсе пашкоджаныя скрынкі з абуткам, а ў памяшканні крамы закураныя сцены і столь.
Будынак, у якім адбыўся пажар, з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 3 катэгорыі - гэты дом уваходзіць у комплекс забудовы вуліцы Талстога XIX - XX стагоддзяў.
Пажарныя разглядаюць версію, згодна з якой прычынай пажару магло стаць кароткае замыканне электрашчыта на складзе.