Сталі вядомыя падрабязнасці аб дзедаўшчыне ў Барысаве
- 4.04.2017, 17:35
У Барысаве праз дзедаўшчыну скончыў жыццё самагубствам 25-гадовы жаўнер.
Арцём Басцюк праслужыў у войску паўгода. Да трагедыі ягоныя бацькі прыязджалі ў вайсковую частку пагаварыць з кіраўніцтвам аб нестатутных дачыненнях. Ім паабяцалі разабрацца, супакоілі. Увечары 30 сакавіка Арцём патэлефанаваў родным, каб развітацца, раніцай наступнага дня яго не стала. Цяпер Следчы камітэт праводзіць даследчыя праверкі аб факце смерці маладзёна.
- Я ведаю свайго сына, у яго ніколі раней не было суіцыдальных схільнасцяў. Па прыродзе ён мяккі чалавек, мурашкі ніколі не растаптаў. Калі б я мог выказаць здагадку, што ўсё так скончыцца, сам бы забраў яго дадому, і ніякія б трыбуналы не напалохалі, - распавядае tut.by Сяргей Аляксандравіч, бацька загінулага Арцёма Басцюка.
Раніцай 31 сакавіка бацькам Арцёма патэлефанавалі з вайсковай часткі 25849 Барысава і паведамілі: іх сына больш няма ў жывых. Менчука прызвалі ў войска восенню 2016 года, хлопец скончыў Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут ім. Сахарава і павінен быў адслужыць год.
- Першы месяц да прысягі ўсё было добра, нам яшчэ тады сказалі: «Вось бачыце, дзедаўшчыны няма». А калі іх перавялі да «дзядоў», усё змянілася, Арцём быў без настрою, на ўсе пытанні адказваў: «А што распавядаць? Дзедаўшчына і ўсё», - успамінае Таццяна, мама Арцёма.
Родныя жаўнера робяць акцэнт: сына ніхто не біў, але ўвесь час на Арцёма ціснулі псіхалагічна.
- Сын расказваў, што «дзяды» прымушалі маладых поўнасцю іх забяспечваць: купляць каву, цукар, цыгарэты. Самі грошы ў рукі не бралі, але каманды аддавалі. Не дазвалялі спаць, прымушалі сядзець ці стаяць каля ложка, а калі хтосьці засне, падыходзілі і пераварочвалі ложак разам з жаўнерам. Ці раптам уначы камусьці захацелася шакаладу, трэба прынесці, калі адмаўляешся - адціскацца 100, 200, 400 разоў. Калі мы пра гэта даведаліся, звязаліся з камандзірам часткі, ён прапанаваў прыехаць. Гэта было за тры тыдні да гібелі сына. Нас выслухалі, спачатку не паверылі, а потым паабяцалі разабрацца, - распавядае Таццяна.
На гэтую ж гутарку паклікалі і самога жаўнера, ён назваў прозвішчы і імёны тых, хто прымушаў яго жыць не паводле статуту. Цяпер бацькі пра гэта шкадуюць. Мяркуюць, што на Арцёма сталі ціснуць яшчэ больш. Увечары 30 сакавіка пачуўся дзіўны званок з часткі, Арцём прасіў прабачэння ў мамы з татам, развітаўся з імі. Перапуджаныя бацькі тут жа звязаліся з кіраўніцтвам.
- Нам абяцалі, што за сынам прыгледзяць, усё будзе добра, а праз 12 гадзін Арцёма не стала. Як жа так? Жонка прасіла даць псіхолага, з сынам ніхто не размаўляў. Цяпер будзем дамагацца, каб вінаватыя ў смерці Арцёма былі пакараныя, - кажа Сяргей Аляксандравіч.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, крымінальная справа не распачатая, затрыманых няма.
- Праводзіцца даследчая праверка аб факце абставінаў смерці вайскоўца тэрміновай службы. Папярэднія звесткі, атрыманыя падчас першапачатковых мерапрыемстваў, даюць падставы разглядаць у якасці асноўнай версіі суіцыд. Следствам праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на высвятленне ўсіх абставінаў трагедыі, у тым ліку прычыны і матывы, якія справакавалі такія намеры, - паведаміла Тацяна Беланог, афіцыйная прадстаўніца ўправы Следчага камітэта Менскай вобласці.
У самім Міністэрстве абароны адмовіліся каментаваць і саму трагедыю, і тое, што бацькі жаўнера ўздымалі пытанне аб дзедаўшчыне.
- Мы не каментуем усе выпадкі, звязаныя з суіцыдальнымі паводзінамі, і з этычных меркаванняў уважаем гэта немэтазгодным. Тое, што праводзіцца праверка, гэта факт, - заявіў Уладзімір Макараў, начальнік управы інфармацыі галоўнай управы ідэалагічнай работы Міністэрства абароны.