Дэпутата, які прапанаваў здаць Крым у арэнду РФ, пазбавілі грамадзянства Украіны
- 30.04.2017, 10:19
Гэта стала ўнікальным і першым за 26 гадоў украінскай незалежнасці выпадкам.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ў суботу, 29 красавіка, падпісаў указ аб спыненні грамадзянства народнага дэпутата Украіны Андрэя Арцёменкі, які раней нібыта перадаў былому дарадцу Дональду Трампу Майклу Фліну план нармалізацыі стасункаў паміж Украінай і Расеяй. Пра гэта на старонцы ў Facebook паведаміў лідар «Радыкальнай партыі» Украіны Алег Ляшко.
З ягоных слоў, Арцёменку пазбавілі грамадзянства «ў сувязі з добраахвотным набыццём ім у 2005 годзе грамадзянства Канады».
«Гэта ўнікальны і першы за 26 гадоў Незалежнасці выпадак, калі дзяржаўны чыноўнік адказаў за парушэнне Канстытуцыі Украіны, якое прадугледжвае толькі адно — Украінскае! — грамадзянства. Цяпер Арцёменка і ягоныя абаронцы будуць крычаць, што Канстытуцыя Украіны забараняе пазбаўляць грамадзянства. Пазбаўляць — так, а спыняць — не, не забараняе!», — адзначыў Ляшко.
«Цяпер мы будзем патрабаваць, каб парламент на першым пленарным пасяджэнні 16 траўня датэрміновыя спыніў дэпутацкія паўнамоцтвы Арцёменкі», — падкрэсліў народны дэпутат.
Ляшко таксама дадаў, што паводле яго інфармацыі, раніцай у суботу Арцёменка вылецеў у Вену і выказаў надзею, што па вяртанні ён здасць украінскі пашпарт.
Як вядома, раней ГПУ звярнулася да міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава з просьбай ініцыяваць праз Дзяржаўную міграцыйную службу працэдуру спынення ўкраінскага грамадзянства Арцёменкі.