BE RU EN

У бары ўніверсама «Цэнтральны» зрабілі безалкагольную зону

  • 29.04.2017, 21:35

У зоне кавярні з боку ГУМа з'явіліся шыльды аб тым, што распіванне алкаголю тут забароненае.

У знакамітай кавярні ўніверсама «Цэнтральны» ўпершыню за апошнія гады з'явілася зона, дзе нельга піць трункі. Tut.by даведаўся ў дырэктара крамы, з чым звязанае прыняцце такой пастановы.

У зоне кавярні з боку ГУМа з'явіліся шыльды аб тым, што распіванне алкаголю тут забароненае. Гэта правіла распаўсюджваецца на тэрыторыю да лесвіцы ў супермаркет.

Дырэктар «Цэнтральнага» Андрэй Засценскі кажа, што такім чынам яны наважылі трохі падзяліць тых, хто хоча выпіць кавы з печывам, і тых, хто хоча выпіць піва або больш моцных напояў. Цікавімся, ці былі якія-небудзь скаргі.

ФОТА: TUT.BY

— Наўпрост скаргаў не было, але мы самі бачым, з чым часам сутыкаюцца, напрыклад, мамы з дзецьмі, якія заходзяць выпіць кавы пасля тэатра або цырка. Таму нам хацелася дапамагчы ім зрабіць гэта ў больш выгодных варунках.

Калі ж чалавек з трункам сядзе ў забароненую зону, то ахоўнік карэктна папросіць яго перамясціцца ў дазволенае месца, запэўнівае дырэктар.

— Мы разумеем, што ў нас наведвальнікі вельмі розныя: ад людзей з мінімальным даходам да вельмі заможных. Таму мы пастараемся, каб і адна, і другая частка наведнікаў пачувалася максімальна выгодна.

Што ж да наступнага этапу змен, то на ім з асартыменту кавярні пакрысе пачнуць прыбіраць танную гарэлку.

— Мы пастараемся прапанаваць больш якасны прадукт у шырокім асартыменце, але без гэтых зусім ужо танных пазіцый.

Апошнія навіны