«Надакучыў»: у РФ на акцыі патрабавалі ад Пуціна не ісці ў прэзідэнты
- 29.04.2017, 17:46
Удзельнікі акцыі пісалі лісты гаспадару Крамля з заклікам не ўдзельнічаць у будучых выбарах.
У шэрагу гарадоў краіны-агрэсаркі Расеі ў суботу, 29 красавіка, прайшлі пратэстныя акцыі з сімвалічнай назвай «Надакучыў», удзельнікі якіх пісалі на спецыяльных бланках афіцыйныя лісты на імя прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і заклікалі яго не ісці на выбары ў 2018 годзе, піша liga.net.
У Маскве, улады якой не ўзгаднілі сённяшнюю акцыю, удзельнікі мерапрыемства прынеслі лісты з патрабаваннямі расейцаў проста да прыёмнай прэзідэнта. Як адзначаюць журналісты, перад пачаткам акцыі будынак прыёмнай агарадзілі парканам, а таксама сцягнулі да яго камунальную тэхніку. Удзельнікі акцыі ў парадку чаргі падыходзілі да ўваходу і пакідалі там свае петыцыі.
Калі ў сталіцы акцыя прайшла адносна спакойна і без затрыманняў, то ў Санкт-Пецярбургу, дзе мерапрыемства таксама не было ўзгодненым, паліцыя затрымала, паводле розных звестак, ад 40 да 100 пратэстоўцаў.
Таксама затрыманні прайшлі ў Кемераве, Казані, Туле, Цюмені, Новакузнецку і Іжэўску.
Арганізатарам акцыі «Надакучыў» выступіў рух «Адкрытая Расія», заснавальнікам якога з'яўляецца былы расейскі алігарх, адзін з лідараў апазіцыі ў краіне-агрэсарцы Міхаіл Хадаркоўскі.